Віцяблянаў судзілі ў РАУСе да поўначы


Будынак Першамайскага РАУСу Віцебску.
Фота: Віцебская вясна

У Віцебску 30 студзеня суддзя Вераніка Барысава ў будынку АУС Першамайскага раёну разглядала справу 13 віцяблянаў, на якіх склалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП. Дзевяць чалавек атрымалі па 15 содняў арышту, чатыры – велізарныя штрафы, паведамляе «Віцебская вясна».

Пра судовыя пастановы, вынесеныя Барысавай, распавялі адвакаткі, якія выйшлі з РАУСу ўжо апоўначы 31 студзеня. Са словаў адной з іх, такіх працэсаў яна яшчэ ніколі не бачыла.

Паводле адвакатак, справы 13 чалавек былі аб’яднаныя ў адзін працэс, які пачаўся ў актавай зале РАУС прыкладна а 15-й гадзіне (затрыманых прывезлі ў РАУС значна раней, не даўшы паснедаць у ІЧУ) і цягнуўся да поўначы. Некалькі разоў абвяшчалі перапынкі, бо людзям рабілася блага, і яны прасілі выклікаць хуткую дапамогу. Паводле сваякоў і паплечнікаў затрыманых, якія больш за 12 гадзінаў чакалі выніку суда каля пастарунку, хуткая прыязджала як мінімум 5 разоў.

Людзей, якія чакалі пад аддзяленнем міліцыі, на суд не пусцілі. Супрацоўнікі МУС патлумачылі, што

«суд адкрыты, але праходзіць на тэрыторыі рэжымнага абʼекту, таму трапіць на яго не ўдасца».

Калі стала вядома, што большасць затрыманых застанецца пад вартай, сваякі спрабавалі перадаць ім харчы і адзенне, але міліцыянты браць адмовіліся. Спаслаліся на тое, што ўсіх затрыманых 30 студзеня кармілі. Між тым жанчыны, які пакаралі штрафам і якія выйшлі з РАУСу ўжо па поўначы, сцвярджалі, што ў пастарунку ніхто іх не карміў: адзінае, далі магчымасць падсілкавацца тым, што было пры сабе.

Большасць людзей затрымалі 27 студзеня каля 22-й гадзіны ў мікрараёне Тарны нібыта за акцыю, якую тыя хацелі зладзіць. Сярод затрыманых аказаліся цалкам выпадковыя мінакі – спадар з сяброўкай, якую пайшоў праводзіць дадому (абодвух таксама пакаралі 15-дзённым арыштам).

МГМ, Belsat.eu

Стужка навінаў