Топ-менеджара кампаніі «Зубр Капітал» пакаралі 15-дзённым арыштам

Яўген Бачышчаў

Міліцыя затрымала кіраўнічага партнёра Мікалая Шастака і кіраўніка дэпартаменту кантролінгу і рызыка-менеджменту Яўгена Бачышчава, паведамляе dev.by.

Суддзя Кастрычніцкага раёну Менску пакарала Яўгена Бачышчава паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП 15 соднямі арышту. Лёс Мікалая Шастака пакуль невядомы.

«У нядзелю 31 студзеня 2021 года нашыя калегі Мікалай Шастак і Яўген Бачышчаў былі затрыманыя, – распавялі ў кампаніі «Зубр Капітал». – Гэта адбылося ў нядзелю ў непрацоўны час і не на працоўным месцы. Затрыманне не звязанае з дзейнасцю «Зубр Капіталу». На дадзены момант у нас няма дакладнай інфармацыі, што адбылося і пры якіх акалічнасцях. Але мы ведаем нашых калегаў як высокіх прафесіяналаў і прыстойных людзей і ўпэўненыя, што яны не маглі здзейсніць супрацьпраўных дзеянняў. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй і аказваем неабходную падтрымку родным і блізкім».

У кампаніі не змаглі распавесці, у сувязі з чым былі затрыманыя іх топ-менеджары і дзе яны цяпер. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» ўчора Шастак і Бачышчаў былі ў УУС Кастрычніцкага раёну Менску.

  • «Зубр Капітал» – першая на тэрыторыі Беларусі прафесійная кампанія, якая кіруе фондамі прамых інвестыцыяў. Была заснаваная ў 2010 годзе з топ-менеджменту міжнароднага аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М». «Зубр Капітал» інвестуе ў розныя сектары беларускай эканомікі, улучна з тэлекамунікацыямі, інфармацыйнымі тэхналогіямі, банкаўскай і фінансавай сферамі. Сярод зацікаўленняў кампаніі – вытворчасць тавараў народнага спажывання, рэтэйл, тавары працяглага карыстання, інавацыйныя тэхналогіі.

МГМ Belsat.eu

Hавiны