«Рвалі сваё адзенне на пракладкі». У беларускіх турмах працягваюцца катаванні


З 7 студзеня, то бок амаль месяц, у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна не прымаюць перадачаў. Што гэта значыць для вязняў? Адсутнасць зменнай адзежы, сродкаў гігіены і нават нармальнай ежы і вады. Мы сабралі сведчанні жанчын, якія ў студзені прайшлі праз арышт. Як высветлілася, катаванні ў жніўні не скончыліся.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

Антысанітарыя і адсутнасць туалетнай паперы

На Акрэсціна, як гэта было і ўлетку, колькасць людзей у камеры перавышае колькасць ложкаў. Дзяўчына, якая адбывала арышт у сярэдзіне студзеня, кажа, што ў камеры, разлічанай на 5 чалавек, было 15 асобаў. Матрацаў не выдалі. Як і туалетнай паперы.

«У дзяўчыны былі месячныя, пракладак не далі. Толькі крыху туалетнай паперы і вату», – абураецца яна.

Пра пачварныя санітарныя ўмовы кажа і іншая былая арыштантка, Валянціна:

«Дзяўчаты падмываліся з бутэлек, дзе грэлі ваду. Калі бутэлькі не было, то адзіная магчымасць падмыцца – скарыстацца талеркаю пасля сняданку, пакуль яе не забралі. Ані зубной шчоткі, ані пасты не давалі. Не было нават мыла і туалетнай паперы. Туалетную паперу нам прынеслі мізэр, адматалі крыху. А вось цэлы рулон далі толькі тады, калі мы лямантавалі, што ў туалет не можам схадзіць».

Агароджа ІЧУ на Акрэсціна.
Фота: TUT.by

Складанасці з атрыманнем базавых прадметаў гігіены былі толькі ў «палітычных» арыштантак. Колішняя арыштантка Акрэсціна Марыя распавядае, што яна сядзела з дзяўчынай, асуджанай за парушэнне правілаў бяспекі палётаў. Калі яна папрасіла пракладкі, ёй прынеслі цэлы пакунак – 10 штук. Рэшта такой ласкі не атрымала.

Каб не выпацкаць майткаў, жанчыны рвалі сваю адзежу і карысталіся ёй замест пракладак. Але кроў усё роўна працякала на матрацы. Яны не апрацоўваюцца. І даводзілася ляжаць на іх, пакрытых крывавымі плямамі. Некаторыя хлусілі супрацоўнікам Акрэсціна, што маюць месячныя, каб атрымаць пракладку і даць яе той, каму сапраўды было трэба.

«Мы выпрошвалі туалетную паперу. На ранішнім шпацыры наглядчыкі рабілі выгляд, што не чуюць нашай просьбы. Потым, пасля абеду, прыносілі цэлы рулон. Але днём прыходзілася грукаць і прасіць па некалькі разоў».

Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Нармальна памыцца таксама не было магчымасці.

«Да нас ужо ў Жодзіна паступіла жанчына, якая 10 дзён была на Акрэсціна. Дык яе ані разу ў душ не вадзілі!» – распавядае Наталля.

У камерах было вельмі брудна, але прыбрацца не было аніякай магчымасці. Аднойчы падчас абыходу на падлогу вылілі вядро з хлёркаю. Адной дзяўчыне з хворым сэрцам і алергіяй стала блага ад такога санітарнага апрацоўвання. У туалетах кепска працаваў зліў, змываць даводзілася вадой з бутэлек.

«Нас труцілі пярцовым газам»

Апроч антысанітарных умоваў жанчыны скардзіліся на кепскае стаўленне з боку персаналу ЦІП. Валянціна кажа, што ў работнікаў ізалятару немагчыма было нечага дапрасіцца:

«У адной з дзяўчат была алергія на пыл, дык ёй таблеткі не перадавалі зусім. Толькі праз некалькі дзён атрымала нешта ад мужа. А вось жанчыне з алкагольнай залежнасцю цягам 15 хвілінаў прынеслі лекі ад страўніка».

Марыя, якая таксама сядзела на Акрэсціна, кажа, што часта праводзілі зневажальныя дагляды.

«Было адчыненае акно, і было вельмі халадно нават зняць з сябе вопратку. Але трэба было распрануцца дагала і прысесці некалькі разоў».

Людзі прыехалі перадаць перадачы з розных гарадоў Беларусі.
Фота: Вольга Васільева, «Белсат»

Халодна было не толькі ў месцах для дагляду, але і ў камерах.

«Нас трымалі 13 чалавек у камеры, разлічанай на 6 асобаў. Без матрацаў і бялізны. Было вельмі халодна, але вакно за кратамі было адчыненае. Мы прасілі зачыніць, але наглядчыкі толькі пасмяяліся ў адказ. Спалі па дзве асобы, на драўляных нарах, збоку – жалезныя бэлькі. Было вельмі сцюдзёна», – распавядае Галіна.

Іншыя арыштанткі распавядаюць пра рэгулярныя вобшукі. Кожную раніцу трэба было станавіцца тварам да сценкі, з паднятымі дагары рукамі. Жанчынам абмацвалі рукі, ногі і цела.

Даходзіла і да сапраўды жорсткіх рэчаў. Аднойчы жанчын труцілі пярцовым газам.

«Усе пачалі кашляць, рэзала у носе. Спрабавалі прамыць нос і рот, стала толькі горш. Пашанцавала, што акно не зачынялася, і мы здолелі праветрыць памяшканне», – гаворыць адна з арыштантак, якая пажадала захаваць ананімнасць.

Артыкулы
5 гадоў узмоцненага рэжыму за зламаную нагу міліцыянта далі мужчыну, што прайшоў праз катаванні
2021.01.27 10:37

У Жодзінскім СІЗА ва ўсіх камерах ёсць відэаназіранне. Таму там сачыць за асабістай гігіенай было яшчэ складаней – жанчыны саромеліся падмывацца і нават пераапранацца ў камеры. Зрабіць гэта можна было толькі ў туалеце, дзе камераў не было.

Хрысціна [імя змененае на просьбу гераіні. – belsat.eu] распавядае, што з ёй сядзела дзяўчына з рукою ў гіпсе. Ёй трэба было рабіць рэнтген, і яна пяць дзён запар прасіла ў начальніка ЦІПу наведаць лекара. Але аніхто ейную просьбу так і не выканаў.

Валанцёры, з якімі гаварыла карэспандэнтка «Белсату», адзначаюць, што сілавікі здзекуюцца і з мужчынаў. Праўда, іх меней б’юць – калі параўноўваць з жніўнем. Але і цяпер здараюцца жорсткія выпадкі.

Гігіенічныя ўмовы аднолькавыя ў жанчын і ў мужчынаў. Праўда, як адзначаў наш суразмоўца, мужчыны меней балюча пераносяць адсутнасць туалетнай паперы і мыла.

Гісторыі
«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам
2021.01.13 07:28

***

  • Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» у перыяд з 9 жніўня 2020 да 1 лютага 2021 года арыштавалі 4680 чалавек на 61 962 содняў. Агульная сума штрафаў склала 64 422 базавыя велічыні на 3455 чалавек.
  • Праваабаронцам вядомыя імёны 772 асобаў, якія сутыкнуліся з крымінальным пераследам з пачатку выбарчай кампаніі.
  • На дзень 1 лютага ў Беларусі было 220 палітычных зняволеных.
  • Больш за тысячу чалавек заявілі пра катаванні, падае інфармацыю Міжнародны камітэт для расследавання катаванняў у Беларусі. Але Следчы камітэт не завёў ніводнай справы. Наадварот, асобы, якія перажылі катаванні, адпраўляюцца ў турмы.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў