Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?

Лукашэнка працягвае трубіць пра заходнюю пагрозу паралельна з тым, як ЗША рыхтуюцца да сёлетніх маштабных вучэнняў у Еўропе. Аднак і Расея разам з беларускім рэжымам рыхтуюць стратэгічныя манеўры «Захад-2021». Ці прыслухаецца Пуцін да клічу Лукашэнкі і ці бачыць Крэмль ворага ў NATO? Адказ ведае Зміцер Міцкевіч.

Лукашэнка прызначае былога начальніка Генштабу Аляксандра Вальфовіча старшынёю Савету бяспекі і працягвае старую песню пра вонкавыя пагрозы для Беларусі ды Расеі:

«Часы няпростыя. Хістаць нас будуць, вы гэта бачыце ўжо па Расеі. Мы гэта ведалі і разумелі з кіраўніцтвам Расеі яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. Для нас нечаканасцяў тут ніякіх няма. Тым не менш мы павінны навучыцца супрацьстаяць і ўнутраным праціўнікам, і асабліва вонкавым».

Прыклады падобнай рыторыкі ў бок Захаду за апошні час проста немагчыма пералічыць. Што характэрна, практычна ўсе яны заканчваюцца адным і тым жа – правядзеннем паралеляў паміж Беларуссю і Расеяй ды публічнымі зваротамі да Крамля: маўляў, паглядзіце, калі цяпер не ўзмацніць абароны Беларусі, назаўтра праблемы ўзнікнуць у Расеі. Узмацніць трэба, канечне ж, фінансава.

Беларусь – прыярытэт для ЗША паводле новай стратэгіі

Марэк Сьверчыньскі, кіраўнік аддзелу бяспекі і міжнародных справаў часопісу «Polityka», Польшча:

«Гэта папросту палітычная гульня, якую Лукашэнка абраў для рэалізацыі сваіх унутрыпалітычных і вонкавапалітычных мэтаў. Асабліва тых, якія датычаць стасункаў з Расеяй. Бо ў папярэднія гады Лукашэнка дэклараваў даволі далёкія планы ў супрацы з NATO. Мы нават бачылі супольныя вучэнні з брытанскімі вайскоўцамі ў Беларусі. Гэта быў смелы ход ад Лукашэнкі. Але ўсё змянілася. І мне здаецца, што з падобнаю рыторыкаю Лукашэнкі мы будзем мець справу ў бліжэйшай будучыні».

Аднак ці рэальна Лукашэнка так баіцца NATO? Адказ лёгка знаходзіцца ў дзяржаўным бюджэце на 2021 год. Гэтак, выдаткі на нацыянальную абарону і бяспеку ў параўнанні з 2020-м узраслі, але зноў былі пераразмеркаваныя на карысць Міністэрства ўнутраных справаў за кошт змяншэння росту выдаткаў на Міністэрства абароны. Так, фінансаванне органаў унутраных справаў павысяць ажно на 12 %. Вырастуць і іншыя выдаткі на гэтак званую праваахоўную дзейнасць. Відавочна, што ў першую чаргу рэжым збіраецца ўзмацняць абарону ад народу, а не ад уяўных вонкавых сілаў.

Аляксандр Гольц, вайсковы эксперт, Расея:

«Нікога такою рыторыкаю Лукашэнка купіць не можа. У Расеі выдатна разумеюць кошт і лукашэнкаўскіх, і ўласных размоваў пра пагрозу з боку NATO. Больш-менш адэкватныя расейскія вайскоўцы выдатна разумеюць, што гэтак званая пагроза з боку NATO блізкая да нуля».

Марэк Сьверчыньскі:

«Вельмі блізкай пагрозы ваеннага канфлікту вялікага маштабу няма. І так бачаць сітуацыю абодва бакі. Надалей усё адбываецца ў межах руціны, геапалітычнай гульні ў вайсковыя шахматы, якія расстаўляюць на геаграфічнай дошцы, каб заняць як мага лепшую пазіцыю і ўскладніць заняцце такой пазіцыі для свайго апанента. Аднак мы не можам не заўважыць, што Расея выкарыстоўвае вайсковыя інструменты для павелічэння свайго ўплыву не толькі на суседнія краіны, але і далёкае замежжа».

Дзеля магчымасці адказаць на спробы пашырыць гэты ўплыў, ЗША разам з саюзнікамі з NATO і рыхтуюць сёлета маштабныя вучэнні «Defender Europe» на сваім паўднёва-ўсходнім кірунку – у Вугоршчыне, Румыніі ды Балгарыі. Чарнаморскі рэгіён цяпер надзвычай важны, бо замацаванне там Расеі дае Крамлю магчымасць аказваць ціск фактычна на ўсё Міжземнамор’е. А верагоднасць выкарыстання расейцамі гэтых кропак ніколі нельга выключаць: Пуцін ужо не раз карыстаўся вонкаваю палітыкаю для адцягвання ўвагі ад унутраных праблемаў, якіх цяпер у Расеі не бракуе.

Аляксандр Гольц:

«У расейскіх кіраўнікоў існуе параноя, звязаная з каляровымі рэвалюцыямі. Ім здаецца, што Захад спіць і бачыць, каб толькі зрынуць іх пры дапамозе гэтай каляровай рэвалюцыі. Тут пытанне куды больш прынцыповае для Пуціна, чымся пытанне вайсковага супраціву з NATO».

Расея ж разам з рэжымам Лукашэнкі рыхтуецца да стратэгічных вучэнняў «Захад-21», якія мусяць праходзіць у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка баіцца сілавікоў. Ці магчымы палацавы пераварот?

Ягор Лебядок, вайсковы аглядальнік, Беларусь:

«Гэта вучэнні выключна вайсковыя. У нас яны завуцца стратэгічнымі супольнымі вучэннямі, у Расеі – стратэгічнымі камандна-штабнымі вучэннямі. Гэта выключна вайсковы складнік. У Расеі – праверка Заходняй вайсковай акругі, у тым ліку ваенна-марскога флоту. Ну а ў нас гэта практычна праверка ўсіх войскаў. Для нас гэта сапраўды стратэгічныя вучэнні, а для Расеі, я б сказаў, што гэта аператыўнае мерапрыемства ў іх маштабах».

Што праўда, Расея звычайна адначасова з падобнымі вучэннямі праводзіць шэраг «праверак боегатовасці войскаў» у рэгіёнах краіны, што дазваляе павялічыць маштаб мерапрыемства ледзь не ў дзесяць разоў без фармальнага парушэння міжнародных дамоваў. Так, у 2017 годзе ў вучэннях «Захад» прымалі ўдзел каля 13 тысяч вайскоўцаў з Беларусі і Расеі. Але ж у Расеі ў той самы час у «праверках боегатовасці» задзейнічалі больш за 100 тысяч вайскоўцаў.

Марэк Сьверчыньскі:

«Калі мы кажам пра вучэнні «Захад», то на мапах яны могуць быць скіраваныя галоўным чынам на балтыйскі кірунак, Польшчу і Літву. Але ж Заходняя вайсковая акруга Расеі прасціраецца ад Арктыкі аж да Чорнага мора. І тым больш гэтыя вучэнні завуцца стратэгічнымі, а гэта мае вялікае значэнне. Адпаведна, падчас іх будуць ужывацца сілы, якія маюць стратэгічнае значэнне: авіяцыя, ваенна-марскі флот і нават можна чакаць пускаў стратэгічных ядравых ракетаў».

Відавочна, Лукашэнка будзе імкнуцца скарыстаць сумесныя з Расеяй вучэнні для палітычнага пацяплення ў адносінах і атрымання эканамічных бонусаў. Ёсць у яго і яшчэ адзін козыр – расейскія вайсковыя абʼекты ў Беларусі. Дамова на выкарыстанне расейскім бокам вузла сувязі ВМФ пад Вялейкай і радыёлакацыйнай станцыі «Волга» пад Ганцавічамі дзейнічае да чэрвеня 2021 года. А новая пакуль не падпісаная. Аднак у выпадку, калі адзін з бакоў не хоча працягваць дамову, ён абавязаны не пазней як за 12 месяцаў паведаміць другому боку.

Ягор Лебядок:

«Думаю, што пагадненне будзе падпісанае. Зразумела, што ёсць палітычныя нюансы, і Лукашэнка будзе спрабаваць выкарыстаць і гэта ў гандлі, але ў любым выпадку яно застанецца. Бо калі яно не застанецца, мне нават будзе цікава паглядзець, як беларускія вайскоўцы ці міліцыя будуць выганяць расейцаў з «Волгі» ці з НТС таго ж».

Да таго ж яшчэ ў снежні летась Лукашэнка зацвердзіў план прымянення сумеснай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі – абсалютна сакрэтны дакумент, што падпісваецца раз на 5 гадоў. Аднак было заяўлена, што дакумент «амаль ідэнтычны адпаведнаму расейскаму плану». А гэта значыць, што ў Расеі ёсць сваё, адрознае бачанне ваеннай сітуацыі ў рэгіёне. І Лукашэнку гэта далі зразумець.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: TASS / Forum

 

Hавiны