«Каму ўвогуле патрэбная праўда? Напэўна, толькі бацькам». Маці палітвязня Дзяніса Чыкалёва ўбачылася з сынам


Мінула больш за пяць месяцаў зняволення сына Алы Чыкалёвай, як ім дазволілі спатканне. Жанчына прыехала на цягніку Гомель – Менск, трапіла ў панурыя сцены Валадаркі і села чакаць. Да сустрэчы яна рыхтавалася не адзін дзень – казала, што ад адной думкі на вачах выступалі слёзы. Спадарыня Ала і тут ледзь не заплакала, але перад ёй сеў нейкі чалавек, і яна не адразу пазнала ў ім свайго сына.

Ала Чыкалёва, маці палітвязня Дзяніса Чыкалёва. Менск, Беларусь. Студзень 2021 годзе.
Фота: ТК / Белсат

Дзяніса Чыкалёва затрымалі днём 10 жніўня. Перад тым ён размаўляў з маці праз тэлефон, казаў, што ідзе ў краму. Пазней, на шляху да маршруткі, у гутарцы з сябрам Дзяніс падзяліўся адчуваннем, што за ім нехта ідзе. У маршрутку хлопец не сеў: вечарам спадарыні Але пазванілі і паведамілі, што ейнага сына затрымалі, ён падазраваны паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Голас у трубцы сказаў, што хлопца накіруюць у ЦІП на Акрэсціна, прадыктаваў нумар тэлефона, дзе гэта можна спраўдзіць, і развітаўся.

«Я думала, ну мала што бывае, зараз усё высветляць і адпусцяць. Я толкам нават не разумела, што гэта за артыкул, тым больш не ўяўляла, што гэта пацягне за сабой такія наступствы». Пад наступствамі маюцца на ўвазе месяцы ў няволі – ні за што: суда над хлопцам яшчэ не было, мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту некалькі разоў падаўжалася, за гэты час Дзяніса прызналі палітвязнем.

Дзяніс Чыкалёў.
Фота: ТК / Белсат

Неўзабаве пасля 10 жніўня стала з’яўляцца інфармацыя пра жорсткасць сілавікоў у дачыненні затрыманых у паслявыбарчыя дні, і Акрэсціна пераўтварылася ў агульную назву. Некалькі дзён для Алы Чыкалёвай сталі пеклам: «Я не ведала, што з Дзянісам, і спытаць, што з ім і як, папросту не было ў каго. Уся на нервах, я толькі спадзявалася, што ўсё абыдзецца. Я была ў шоку: няўжо ў нашай краіне можа такое адбывацца? Мне гэта здавалася нечым неверагодным, я не магла чытаць навінаў, нават калі яны датычылі чужых людзей, бо думала пра сына і ў мяне адразу цяклі слёзы».

Але паколькі Дзяніс знаходзіўся ў статусе падазраванага, яму далі адвакатку – пасля допыту яна пазваніла маці і сказала, што хлопец сядзеў насупраць яе, з ім усё ў парадку. «Мне давялося ёй проста паверыць». Хутка Дзяніса перавялі ў СІЗА на Валадарскага, выставілі абвінавачанне і пакінулі пад вартай на два месяцы. Але ў маці з сынам прынамсі пачалося ліставанне.

Фота: ТК / Белсат

На дзяржаўным тэлебачанні тым часам выйшаў сюжэт, дзе паказалі быццам бы перапіску Дзяніса, у якой ён некаму кажа, што «хоча дапамагчы ў дзень выбараў» і «гатовы быць у першых шэрагах». Паказалі затрыманне і рэчы з заплечніка. «Я глядзела і ўвогуле не разумела, што гляджу, у мяне была істэрыка – яны так гэта паднеслі, наклалі такую музыку, быццам паказваюць тэрарыста ці забойцу-рэцыдывіста, за якім ганяліся гадамі і нарэшце схапілі. Потым я супакоілася і зразумела, што там нічога толкам і няма. Я з самага пачатку ведаю: Дзяніс не зрабіў нічога такога, за што яго могуць вось так караць. Столькі часу ён правёў у няволі ні за што».

Дзяніс у спадарыні Алы адзіны сын. Апошнія гады ён жыве ў Менску, займаецца пракладваннем інтэрнэт-сетак, ездзіць на ровары, дапамагае ў арганізацыі фестываляў, скача з вяроўкай. «Ён ніколі не сядзіць на месцы і не ляжыць на канапе – ён заўсёды недзе. Як ні патэлефануеш, ён некуды едзе, кудысьці бяжыць і некага выратоўвае. На пратэстах 9 жніўня ён дапамагаў параненым: калі бачыў, што некаму патрэбна дапамога, выклікаў хуткую, і да яе прыезду быў побач. Апошняга хлопца нават суправаджаў у шпіталь і з’ехаў, толькі калі ўпэўніўся, што медыкі пазванілі сваякам параненага. Ён расказваў, што асабіста паклаў у хуткую чатыры чалавека. Дзяніс вельмі рухавы, таму заставацца ў зняволенні, думаю, яму складана».

Фота: ТК / Белсат

Спачатку спадарыня Ала яшчэ спадзявалася, што з дня на дзень сына адпусцяць, але тэрмін утрымання пад вартай усё працягвалі. Думаць пра суд ёй з кожным днём усё страшней: «Калі арышт прадаўжалі, мяне гэта нават супакойвала, бо праз тое, як у наш час праводзяцца суды, мне ад аднаго слова «суд» робіцца страшна».

Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11

За гэтыя месяцы Ала Чыкалёва перазнаёмілася з сябрамі і прыяцелямі сына, яны прыязджалі да яе, нават з іншых гарадоў, каб падтрымаць і прапанаваць дапамогу. «Я не чакала такой падтрымкі, не чакала, што ў Дзяніса столькі сяброў, што ўсе так дружна адгукнуцца. Я шмат станоўчага пра яго даведалася».

Паводле лістоў, настрой у хлопца «роўны, пазітыўны», аднойчы толькі праскочыла пэўная прыгнечанасць. Спадарыня Ала прыходзіць з працы, кладзе перад сабой чарговы ліст сына, спачатку адказвае на пытанні, потым дадае нешта яшчэ і адпраўляе. Альбо не чакае, а бярэ і піша, абавязкова так, каб не даць нагоды яму перажываць і хвалявацца. «Ён казаў: «Лісты для мяне – гэта ўсё». Думаю, там для любога чалавека лісты – гэта ўсё, яны імі жывуць».

Фота: ТК / Белсат

Ала Чыкалёва лічыць сябе моцным чалавекам і кажа, што дзеля сына вытрымае ўсё. У гэтыя дні ёй дапамагае праца і сябры, а калі нешта «находзіць», то вечарамі. «Калі ў цябе сын – палітвязень, у першую чаргу патрэбная вытрымка. А ўсё астатняе – адвакаты, перадачы і пасылкі – другаснае. Я неяк трымаюся, але калі нервы здаюць, магу і слязу пусціць, даю волю эмоцыям, тады робіцца лягчэй. У мяне ёсць блізкая сяброўка: з ёй можна ўсім падзяліцца, яна зразумее і падтрымае. Калі ў мяне недзе нешта не так, я не звяртаю на гэта ўвагі, мне важна перадусім, каб усё добра было ў майго сына».

Цяпер у Дзяніса новая камера. Замест шасці – у ёй дванаццаць чалавек, нават фізкультурай займацца цесна. Тым не менш энергічнасць хлопца мусіць неяк праяўляцца. У СІЗА ён стаў маляваць, рабіць арыгамі, стрыгчы сукамернікаў і вучыць іх фізічным практыкаванням. Маці Дзяніс даслаў малюнак ката, размаляванага каляровымі алоўкамі. «Ён казаў, каляровыя алоўкі – бонус новай камеры». У перадачы спадарыня Ала складвае сыну любімыя жэлейныя цукеркі, заварное печыва і зефір, стараецца забяспечваць яго фруктамі і мяснымі вырабамі, але сам ён у маці нічога не просіць, а наадварот кажа, што ў яго ўсё ёсць.

Фота: ТК / Белсат

Нядаўна замест ч. 2 293 арт. Дзянісу выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342: «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Гэта пагражае штрафам альбо абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. «Калі я пра гэта даведалася, не магла не радавацца – гэтае абвінавачванне лягчэйшае. Але ўсё роўна несправядлівае. У нашай краіне не дзейнічаюць законы, асабліва з некаторага часу, а шукаць выйсце, калі нідзе нічога не працуе, вельмі складана. Дзе шукаць праўду і каму яна ўвогуле патрэбна? Напэўна, толькі бацькам яна і патрэбна. Я не разумею, за што майго сына там трымаюць, што кіруе праваахоўнымі органамі, якія ў іх матывы, каб усё гэта рабіць».

З самага пачатку зняволення сына спадарыні Але абяцалі спатканне, калі следства будзе падыходзіць да завяршэння. «Раней у гэтым «не бачылі неабходнасці», хоць не ведаю, што б яно змяніла». Першая за амаль паўгода сустрэча адбылася 20 студзеня, цягнулася каля гадзіны і, вядома, засмуціла і расхвалявала жанчыну.

Фота: ТК / Белсат

«Спачатку я Дзяніса нават не пазнала. Калі ён сеў, і я на яго паглядзела, здзівілася: «О, гэта ж не нехта, а Дзяніс». Ён змяніўся з аблічча, быў такі задумлівы і сур’ёзны, мне падалося, што схуднеў. Ад перабывання ў гэтых памяшканнях – якое там паветра, – напэўна, любы чалавек зменіцца. Я думала, што ён будзе гаварыць, а я толькі слухаць, але атрымалася наадварот. Я прапанавала: «Можа, ты нешта раскажы». Ён адказаў: «Мне асабліва няма чаго расказваць, тут нічога не адбываецца». Але Дзяніс узбадзёрыўся, калі гаварыў пра сваю котку, – некалі ён падабраў яе на вуліцы, цяпер яна ў сяброў. Успаміны пра котку паднялі Дзянісу настрой, мы нават пасмяяліся».

Фота: ТК / Белсат

Спадарыня Ала падумала, што трэба дзе-небудзь навідавоку размясціць той рознакаляровы малюнак ката. Яна кажа, што, можа, гэта даецца і няпроста, але ейны сын з усім спраўляецца. «Кажуць, цуды здараюцца. Можа быць, здарыцца і з намі. Але я на яго не спадзяюся, каб потым не было расчаравання. Дзяніс пісаў мне, што спадзяецца на лепшае, але рыхтуецца да горшага. Так і я».

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў