«Дапамога» беларусам: як у Літве зараблялі на ўцекачах з Беларусі


25 студзеня літоўскае тэлебачанне LRT апублікавала расследаванне «Дапамога»: за прыгожымі лозунгамі – цынічны заробак на беларусах, якія бягуць ад Лукашэнкі». Журналісты абвінавацілі дабрачынную арганізацыю ў здаванні жытла ўцекачам за грошы, незаконнай легалізацыі эканамічных мігрантаў і фальшаванні даведак. «Белсат» паразмаўляў з прадстаўнікамі LRT і «Дапамогі»: ці засталіся бакі на ранейшых пазіцыях і як скандал можа адбіцца на становішчы палітычных уцекачоў у Літве?

У Вільні існуе беларуская дабрачынная арганізацыя «Дапамога», якая апякуецца рэпрэсаванымі грамадзянамі Беларусі. Яна ўзнікла ў Літве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і дапамагае тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну ды знайшоў прытулак у Літве. Пазней узніклі непаразуменні паміж кіраўнікамі «Дапамогі», праз што ўтварыліся дзве розныя арганізацыі: «Дапамога» і «Разам».

На сайце Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлебачання з’явілася інфармацыя пра злачынную дзейнасць арганізацыі «Дапамога». Паводле звестак, якія маюць журналісты, кіраўніца «Дапамогі» Наталля Калегава зарабляла на эмігрантах з Беларусі. Яна даўно жыве ў Літве, у яе з мужам – уласны бізнес: здаюць кватэры.

Наталля Калегава.
Фота: J. Stacevičiaus/LRT nuotr.

Паводле LRT, Калегава публічна казала пра бясплатнае забеспячэнне жытлом тых, хто праз палітычны пераслед быў вымушаны зʼехаць з Беларусі. Разам з тым, паводле крыніцаў тэлебачання, Калегава зарабляла на вымушаных мігрантах: здавала ім жытло даражэй за рынкавы кошт.

Кіраўніца аддзелу расследаванняў LRT Індрэ Макарайціце пракаментавала: «Гэта справа нават не беларусаў, але літоўскіх законаў. Нам не вельмі цікава, якія там стасункі паміж беларускімі арганізацыямі, гэта не нашая справа. Але «Дапамога» збірала грошы ў літоўцаў: гэта ўжо адзін аргумент, чаму павінна быць цікава, як гэтая арганізацыя працуе. Таксама нас цікавіць фальшаванне дакументаў, як гэтыя схемы дапамагаюць прыехаць у Літву эканамічным мігрантам.

Мы не раскрыем сваіх крыніцаў, мы абавязаныя трымаць іх у таямніцы. Расследаванне можа працягнуцца, гэта залежыць ад таго, ці будзе ў нас дадатковая інфармацыя. У нас ёсць звесткі і з іншых ракурсаў у гэтай гісторыі пра эканамічных мігрантаў: як яны прыязджаюць у Літву, як прыязджалі да 9 жніўня, якія былі схемы ды чаму нашыя інстытуцыі не дапрацавалі ў гэтых кірунках і не раскрывалі фактаў продажу відаў на жыхарства ды існавання фірмаў для фіктыўнага працаўладкавання. Існуе яшчэ вельмі шмат дадатковых слаёў. Думаю, што ўсё пачалося не цяпер, не сёння, а раней, да 9 жніўня.

Я не адмаўляю таго факту, што яна [Наталля Калегава. – Заўвага belsat.eu] шмат каму дапамагла, але я таксама не магу заплюшчваць вочы на фальшывыя дакументы. У нас ёсць запісы гэтых беларусаў, якія кажуць, што яны плацілі за апартаменты, не адразу, але калі атрымлівалі грошы з фонду.

Чаму мы гэтую тэму паднялі? Бо ў Літве фальшаванне дакументаў – гэта ўжо парушэнне закону. Падрабляць даведкі дактароў – гэта ўжо справа Крымінальнага кодэксу паводле нашых законаў. Калі Літва зрабіла гуманітарны калідор для пацярпелых ад рэжыму, гэта не значыць, што гэтак званыя эканамічныя мігранты могуць так проста карыстацца гэтым калідорам. У нас шмат пытанняў, мы маем дакументы і сведчанні людзей, якія пацвярджаюць: некаторыя беларусы, якія прыехалі паводле гуманітарнай візы, не пацярпелі ад рэжыму. Наталля Калегава ім проста дапамагла легалізавацца як людзям, якія пацярпелі», – кажа Індрэ Макарайціце.

Дакументы з расследавання LRT.
Фота: LRT Tyrimų skyriaus nuotr.

На просьбу «Белсату» пракаментаваць гэтае расследаванне Наталля Калегава адказала: «Гэта сурʼёзнае абвінавачванне і паклёп, удар па ўсёй дапамозе беларусам. Палова людзей, якія прыехалі з Беларусі, прайшлі праз мае рукі. Усе грошы, якія атрымлівала «Дапамога», былі аддадзеныя выключна ўцекачам паводле дамовы пра дапамогу. Уцекачоў можна спытаць: яны ніколі не плацілі грошай. Усе сведкі, 100–200 чалавек, гатовыя выступіць».

На пытанне пра сфальшаваныя подпісы на медычных даведках і дамовах на арэнду жытла Наталля Калегава адказала: «Гэта некарэктная інфармацыя. Мы выслалі ў LRT ліст, каб яны далі зняпраўджанне, закон дае два тыдні. Мы запытваем аўдыт для кампаніі: калі не, то пойдзем у суд. Людзі ніколі не жылі за свае грошы. Не было такіх выпадкаў, каб яны самастойна плацілі. Жытло на два тыдні заўсёды бясплатнае, і ежа на гэты тэрмін. Цяпер у арганізацыі каля 20 тысяч еўраў», – кажа Наталля Калегава.

Большасць з апытаных намі беларусаў пацвердзілі, што маглі жыць два тыдні ці больш бясплатна ды не маюць ніякіх прэтэнзіяў да арганізацыі. На падтрыманне «Дапамогі» перасяленцы паслалі лісты ў Сейм і прэзідэнту Літвы.

Знайсці людзей, якія плацілі прадстаўнікам «Дапамогі» за арэнду жытла, было складана, але мы паразмаўлялі з такой асобаю (кантакты і сапраўднае імя вядомыя рэдакцыі).

«Мне зрабілі бачнасць дапамогі. Чалавек з «Дапамогі» знайшоў кватэру, а аплочваць сказалі самому, і такое адчуванне, што з гаспадаром дамовіліся, каб той сказаў цану даражэйшую, чым ён здаваў. Потым спыталі, якімі рэчамі дапамагчы, прывезлі кучу рэчаў, але з таго, што нам было трэба, – самую дробязь. З працаю сказалі дапамогуць: другі месяц шлюць анкеты розныя для запаўнення. Дзяцей у школу таксама сам уладкаваў, з дакументамі сам разбіраюся. З афармленнем віду на жыхарства таксама ніхто не дапамагае, самому трэба рабіць», – распавёў адзін з расчараваных перасяленцаў.

Пратэст на плошчы Незалежнасці. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Мы звярнуліся па каментар да іншых беларускіх арганізацыяў у Літве. У некаторых фондах узніклі пытанні праўдзівасці дакументаў на арэнду жытла і даведкі пра стан здароўя, паводле якіх чалавек мог пацвердзіць, што пацярпеў ад рэжыму. Кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак не стаў нам гэтага дадаткова каментаваць, а цалкам пацвердзіў свой каментар для LRT:

«Мы не адразу ўсё зразумелі, мы не адразу вызначылі, што адбываецца, і таму некаторыя людзі, якім не належала нашае падтрыманне, маглі яго атрымаць».

Паводле Стрыжака, менавіта дакументы ад «Дапамогі» прымусілі «BySol» западозрыць, што яны былі падробленыя ды імі карысталіся эканамічныя мігранты: «Калі казаць пра нейкую зацікаўленасць, то гэта досыць вялікія грошы, каб расплочвацца за кватэры ў перыяд крызісу, калі няма турыстаў. Гэта можа быць нядрэнным заробкам».

Віціс Юрконіс, дырэктар віленскага офісу «Freedom House», які таксама дапамагае перасяленцам з Беларусі, адказаў: «Мне здаецца, уласна расследаванне не накіраванае супраць фонду «Дапамогі» і не адмаўляе таго, што яны дапамагалі беларускім грамадзянам, якія былі вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсіяў. Наколькі я разумею з матэрыялу, у некаторых удзельнікаў праграмы фонду «Дапамогі» паўсталі пытанні, а журналісты пра гэта распавялі. Я думаю, што кіраўніцтва фонду павінна пастарацца адказаць як магчыма больш адкрыта, наколькі гэта дазваляе канфідэнцыйнасць, звязаная з працаю арганізацыі.

Некаторыя высновы расследавання выклікаюць у мяне пытанні, напрыклад, пра эканамічных мігрантаў. Мы ведаем, што ёсць вялікія буйныя кампаніі, якія пераязджаюць, але гэта асобная лінія. Я мяркую, што «Дапамога» ў гэтым насамрэч не брала ўдзелу. Мэтаю фонду была дапамога рэпрэсаваным, у якіх ёсць дакументаванне фактаў пагрозы.

На працу іншых фондаў, думаю, гэтая сітуацыя не паўплывае.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Мы з усёй гэтай гісторыі не павінны траціць фокусу, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, нават становяцца больш кропкавымі, а значыць, больш небяспечнымі. У гэтым плане галоўнае, каб беларусы, якія і так пацярпелі ад рэжыму або пакутуюць, не пакутавалі дадаткова праз тое, што да нейкай арганізацыі, якая займаецца перасяленнем, ёсць пытанні. Людзі звяртаюцца туды, куды могуць».

Спікер народнай амбасады Беларусі ў Літве Бэла Фокс заявіла: «Адно з заданняў народных амбасадаў – ахоўваць правы беларускіх перасяленцаў за мяжой. У сувязі з гэтым мы занепакоеныя магчымым выкарыстаннем даверу беларусаў у Літве дзеля ўласнага бізнесу і падтрымліваем правядзенне незалежнага расследавання літоўскімі ўладамі. Пакуль удакладняецца пытанне даверу да фонду «Дапамога», беларусы ў Літве могуць звяртацца па дапамогу ў іншыя арганізацыі: Беларускі дом правоў чалавека, фонды культурнай і спартовай салідарнасці, фонд «Разам», міжнародную каталіцкую арганізацыю «Caritas», Чырвоны Крыж».

Арганізацыя «Разам» і фонд «Краіна для жыцця» пакуль устрымаліся ад каментароў. Расследаванне LRT працягваецца.

Паводле апошніх звестак МУС Літвы, з гуманітарных прычынаў у Літву было дазволена прыехаць 792 грамадзянам Беларусі з пачатку дзеяння гуманітарнага калідору. 367 з іх ужо ў Літве, 87 папрасілі прытулку. Паводле звестак Дэпартаменту міграцыі, з 10 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года грамадзянам Беларусі выдалі 5739 дазволаў на часовае пражыванне, але большасць з іх атрымалі тыя, хто ўжо не першы год жыве ў Літве.

Ганна Русінава belsat.eu

Стужка навінаў