Дачку вядомага эканаміста Іосуба пакаралі 15-дзённым арыштам


У Менску сёння судзілі Наталлю Іосуб, дачку беларускага эканаміста Вадзіма Іосуба. Дзяўчыну пакаралі 15 соднямі адміністратыўнага арышту, паведамляе сайт «Вясна».

Наталлю Іосуб затрымалі ў нядзелю 31 студзеня. 1 лютага яе судзілі паводле арт. 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў»). Суддзя Наталля Бугук ў судзе Фрунзенскага раёну пакарала Наталлю Іосуб 15-дзённым арыштам.

Эканаміст Вадзім Іосуб распавёў «Белсату», што насамрэч ягоная дачка не брала ўдзелу ў акцыях. Разам з сваймі сябрамі яна была ў Палацы мастацтваў. І калі яны выйшлі з музею, пераходзілі дарогу, спыніўся бус, з якога выскачылі невядомыя і схапілі людзей. На судзе сведкі казалі, што каля Дому ўраду затрымалі групу маладзёнаў, якая мітынгавала. Наталля даводзіла, што гэта няпраўда, паказвала нават квіткі з музею, але суддзя не прыняла да ўвагі гэтыя доказы.

«Адбылася трохі дзіўная рэч – дачка цяпер едзе дадому. Асобаў восем адпусцілі, і невядома, што і як. Магчыма, што трэба будзе адбываць содні потым. Яны нічога не патлумачылі. Можа, месцаў у іх няма? Проста людзей вызвалілі пасля вынясення пастановаў», – распавёў «Белсату» эканаміст Вадзім Іосуб.

Праваабаронцы паведамляюць, што ў нядзелю сілавікі затрымалі больш за 160 асобаў. Сярод затрыманых шмат мінакоў, якіх схапілі без відавочнай прычыны невядомыя ў чорнай вопратцы. Нягледзячы на гэта суддзі лічаць людзей вінаватымі ў парушэнні Адміністратыўнага кодэксу.

Hавiны
У нядзелю ў Менску затрымалі не менш за 169 чалавек
2021.02.01 09:49

СК belsat.eu

Стужка навінаў