МКБ, Нік, Майк, Цынік, Сямібаяршчына і Парадак. Прагнозы на 2022 год ад ананімных Telegram-каналаў


Наступны год – максімальна непрадказальны. «Белсат» ужо публікаваў прагнозы палітолага, эканаміста і псіхолага, а цяпер звяртаецца да ананімных Telegram-каналаў, якія шмат каму замянілі палітолагаў, эканамістаў і нават псіхатэрапеўтаў.

Ананімныя Telegram-каналы.
Фота: Белсат

На пытанні «Белсату» адказалі аўтары палітычных каналаў «Мая краіна Беларусь», «Ник и Майк», «Cynic», «Минская Семибоярщина» і «Белорусский порядок».

Аналітыкі і аўтары Telegram-каналаў часам ужываюць фразу «чорны лебедзь» – гэта панятак з тэорыі амерыканскага эсэіста Насіма Талеба і азначае рэдкую падзею, якую цяжка спрагназаваць, але якая мае значныя наступствы. Да канца XVII ст. у Еўропе лічылі, што лебедзі бываюць толькі белыя – пакуль не пабачылі чорных у Аўстраліі.

Hавiны
Што будзе з Беларуссю ў 2022 годзе? Спыталі палітолага, эканаміста і псіхолага
2021.12.29 07:30

1. Ці ўтрымаецца Лукашэнка да канца 2022 года?

А мо сыдзе на другі план пасля рэферэндуму? Або будзе скінуты рэвалюцыяй? Мо Пуцін зробіць з Беларусі неафіцыйны «суб’ект федэрацыі»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае перад мігрантамі ля транспартна-лагістычнага цэнтру «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. 26 лістапада 2021 года.
Фота: president.gov.by

«Мая краіна Беларусь»: Утрымаецца, сыход на другі план малаверагодны. Рэвалюцыі пакуль не будзе. Пуцін будзе падтрымліваць, і магчыма, падпішуць яшчэ якія-небудзь дарожныя мапы, але суб’ектам РФ Беларусь не зробіцца.

«Ник и Майк»: Не ўтрымаецца ў фатэлі прэзідэнта. Пакуль найбольш імаверны сцэнар пераходу на пасаду старшыні Усебеларускага сходу. Гэта азначае павольны, але дакладны рух на звалку гісторыі. Ніводзін транзіт паводле такой схемы не прывёў да кантролю «былога» над пераемнікам у 100 %. Самы свежы прыклад на постсавецкай прасторы – Казахстан. Назарбаеў павольна, але дакладна пачаў траціць уплыў на сітуацыю ў краіне. Пры тым, што сыходзіў ён у больш-менш стабільнай сітуацыі ў краіне і застаецца паважаным чалавекам. Лукашэнку такое не сніцца. Гэта шлях да развалу сістэмы праз стварэнне сістэмы двоеўладдзя. І ён гэта цудоўна разумее, таму да апошняга адцягвае запуск працэсу. Калі Пуцін дасць крэдыт у запытаным аб’ёме, ад $ 3,5 млрд, гэта будзе азначаць далейшы дрэйф у бок здачы рэштак суверэнітэту ў канцэпцыі «дзве краіны, адна эканоміка». У гэтай парадыгме Лукашэнку таксама месца няма. Расея будзе купляць лаяльнасць сілавікоў і чыноўнікаў. Варыянт рэвалюцыі таксама імаверны, асабліва калі сістэма падчас «чыстак» нелаяльных канчаткова даб’е і сябе, і эканоміку.

«Cynic»: Лукашэнкі ў ролі «галоўнага» да канца 2022 года не будзе. Першапачаткова быў план зрабіць транзіт у красавіку, але ад такога сцэнара адмовіўся сам апарат Лукі. Да канца 2022 года будзе выпрацаваны механізм, які дазволіць спілаваць сук, на якім трымаецца рэжым. Можа, сітуацыя зацягнецца да вясны 2023-га. Калі не будзе актыўнага народнага ўсплёску, то гэты транзіт будзе фактычна ператварэннем у «саюзную дзяржаву». Пасля рэферэндуму адбудзецца спроба зрынання. Пытанне ў колькасці і ў гатовасці да мабілізацыі. Я не атрымліваў пацверджанняў радыкальнай мабілізацыі, таму на рэвалюцыю я б не ставіў, хоць здушыць пратэст маштабаў 2020 года рэжым не здолее. Калі будзе выхад за рамкі з боку народу, перамога бясспрэчная. Бачу праблему ў масавай эміграцыі актыўнага насельніцтва і рэпрэсіяў самых актыўных – без дваровых лідараў усё цяжэй.

«Минская Семибоярщина»: Сцэнар-2022 і яго тэндэнцыі дастаткова відавочныя. Як ні сумна, але цягам наступнага года Лукашэнка на другі план не сыдзе. Ён здолее ўтрымаць у сваіх руках кіраванне дзяржаўным бюджэтам і экспартнымі паступленнямі. Ягоны асабісты кантроль над сілавымі структурамі ў цэлым будзе захаваны. Перадумовы для рэвалюцыі ў яе класічным разуменні працягнуць фармавацца. Сітуацыя будзе ў стадыі ўсеагульнага «акопнага супрацьстаяння», хвалепадобных правакацыяў і інфармацыйнай вайны. Любыя варыянты «субʼекту Федэрацыі» выключаныя.

«Белорусский порядок»: Калі сітуацыя будзе ісці такім тэмпам, як цяпер, то дакладна ўтрымаецца. Але імавернасць «чорных лебедзяў» захоўваецца, і магчыма, нейкія з іх могуць быць непрадказальна моцнымі. Нечаканая бздура з рэпрэсіямі, які-небудзь ідыёцкі закон, арышт кагосьці з эліты, каго не варта было чапляць. Рэферэндум кардынальна не зменіць сітуацыі з пасадай і паўнамоцтвамі Лукашэнкі, але падчас яго правядзення рэжым наламае дроваў, і «перагарнуць старонку», легітымізаваць сітуацыю не атрымаецца.

Аналітыка
Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце
2021.12.28 17:00

2. Ці пашырыцца эканамічны крызіс?

Долар за 5 рублёў, талоны на ежу, зарплата каліем і запаснымі дэталямі трактароў?..

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына карыстаецца банкаматам. Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«Мая краіна Беларусь»: Крызіс пагоршыцца, але не радыкальна. Думаю, курс будзе каля 3, максімум 4 рублёў за долар у канцы 2022 года. Шмат людзей звольняць, шмат хто з’едзе за мяжу. Выплаты заробкаў прадукцыяй павялічацца, але не радыкальна

«Ник и Майк»: Пакуль іншага сцэнара няма. Калі б у Беларусі была свабодная эканоміка, долар ужо каштаваў бы больш за 3 рублі толькі праз навіны аб узмацненні санкцыяў. Талонаў выключаць цалкам нельга – гэта будзе капіяванне «перадавога» расейскага досведу (толькі там гэта называецца «бонусныя карты для найменш абароненых пластоў насельніцтва»). Спроба выйсці з крызісу, стварыўшы эканоміку мабілізацыйнага тыпу, непазбежна прывядзе да пагаршэння сітуацыі ў краіне і татальнага дэфіцыту. Усё, што перажываў СССР на світанку, на піку чыстак і пад канец. Мабілізацыйная эканоміка можа ваяваць, але не ствараць. Альтэрнатыва – выкананне патрабаванняў беларускага народу і нармалізацыя дачыненняў з усім светам. Але хто ж на гэта пойдзе? Заробкі будуць падаць у пакупніцкай здольнасці. Не хацелі баставаць – сардэчна запрашаем у сітуацыю імклівага збяднення і адсутнасці перспектываў. А заробак можна і гноем выдаваць. Тых, хто сумуе па СССР з пламбірам, сардэчна запрашаем у суровую рэальнасць таго часу: «татальная дупа, затое камунізм і ракеты добрыя». Толькі ўжо ні камунізму, ні ракетаў. І пламбіра, дарэчы, таксама.

«Cynic»: Эканамічны крызіс будзе ўзмацняцца, экспарт знізіцца, цэны вырастуць, рубель будзе часткова стабілізавацца махінацыямі на ўсходніх рынках. Уключаць друкарскі станок – вырасце інфляцыя. Да талонаў не дойдзем – не паспеем.

«Минская Семибоярщина»: Выплата вонкавай запазычанасці – дамінантная праблема 2022 года. Крэмль працягне палітыку «паўзучай дапамогі». Блакавальныя пакеты акцыяў МНПЗ, «Нафтану», «Горадня Азоту», МЗКЦ, БелАЗу, МАЗу, маторнага заводу, Светлагорскага ЦКК пяройдуць пад кантроль расейскіх вертыкальна-інтэграваных нафтавых кампаніяў. Кантрольныя пакеты акцыяў 34 прамысловых дзяржпрадпрыемстваў другога ўзроўню пяройдуць у рукі «інвестараў» кітайскага, расейскага і афшорнага капіталаў. Зрывы тэрмінаў выплаты заробкаў і сацыяльнай дапамогі займеюць сістэмны характар.

«Белорусский порядок»: Крызіс будзе пашырацца, але шокавага абвалу не будзе. Гэта адабецца ў першую чаргу на коштах тавараў, якасці дзяржаўных паслугаў. Напруга і трывожнасць будуць узрастаць, а эканамічны блок будзе рабіць усё магчымае, каб негатыўныя наступствы адбываліся мякка, размазваць іх па часе.

Эканоміка з Чалым
Чалы падвёў вынікі года: цудаў для рэжыму больш не будзе
2021.12.23 19:30

3. Ці можа адбыцца ў 2022 годзе масавая забастоўка?

Ці вернуцца вулічныя пратэсты, ці актывуюць план «Перамога»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Кунцаўшчыны прайшлі маршам па вуліцы Прытыцкага з дымавымі шашкамі. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

«Мая краіна Беларусь»: На жаль, і тое, і тое лічу неверагодным у 2022 годзе. Калі нешта здарыцца, то гэта будзе штосьці вельмі непрадказальнае.

«Ник и Майк»: У грамадстве расце стомленасць і незадаволенасць. Вельмі складана мысліць і функцыянаваць ва ўмовах рабскай працы ў канцлагеры. Таму забастоўка можа здарыцца ў фармаце «бунту пустых лядоўняў». Наколькі хутка яны будуць пусцець, шмат у чым залежыць ад «шчодрасці» Расеі. Разам з забастоўкай могуць вярнуцца і стыхійныя пратэсты без лідарства або з новымі лакальнымі лідарамі. Можа, ва ўмовах адсутнасці вонкавага фінансавання хунта нарэшце зразумее, што рэальны рухавік і ініцыятар пратэстаў – сама хунта. Пры гэтым у 2022 годзе ўжо будзе складана спадзявацца на шарыкі і кветачкі.

«Cynic»: У забастоўку не веру. Прынамсі, у класічную. Максімум – гэта застацца дома. Мясцовыя лідары на заводах «пад наглядам», таму браць ініцыятыву будзе небяспечна. Страйк магчымы як фінальная стадыя пратэсту. Пратэст магчымы і нават імаверны, але неабходная праца над нарошчваннем масы. Ва ўмовах, калі мясцовыя лідары дваровай думкі з’ехалі ці сядзяць, масавасць будзе забяспечыць цяжэй, хоць здушэнне будзе больш жорсткім, але ў той жа час менш масавым – тут дапаможа партызанскі рух. Вулічны пратэст магчымы толькі пад рэферэндум, і тады ж магчымая актывізацыя плану «Перамога». Пратэстаў у множным ліку не будзе – магчымы адзін з перадышкамі ў ноч.

«Минская Семибоярщина»: У другой палове 2022 года ў шэрагу рэгіёнаў пройдуць лакальныя забастоўкі на «ўжо былых дзяржпрадпрыемствах» з паралельным кароткачасовым аб’яднаннем з «вуліцай».

«Белорусский порядок»: Залежыць ад «чорных лебедзяў». Пры цяперашняй дынаміцы цяжка ажыццяўляць любыя формы пратэсту. Пры такіх умовах вяртанне пратэстаў, як у 2020 годзе, малаімавернае. Але калі адбудзецца штосьці шокавае, то беларусы змогуць выйсці. Але тут я больш веру ў кароткія і падрыхтаваныя падзеі, кшталту плану «Перамога», чым у новую хвалю працяглых стыхійных пратэстаў.

Артыкулы
Ад флэш-мобаў да атак з дронаў. Як беларусы змагаліся з рэжымам Лукашэнкі ў 2021 годзе
2021.12.28 14:46

4. Міграцыйны крызіс «дарасце» да абяцаных Лукашэнкам узброеных афганцаў?

А мо напружанасць будзе стварацца неяк па-новаму, праз наркотыкі і ядравыя матэрыялы? Ці ўсё супакоіцца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскія вайскоўцы і памежнікі на мяжы з Беларуссю.
Фота: Valstybės sienos apsaugos tarnyba / Facebook

«Мая краіна Беларусь»: Міграцыйны крызіс хутка скончыцца, і ўсё супакоіцца.

«Ник и Майк»: Узброеныя афганцы – пакуль хутчэй блеф. Галоўнае пытанне ў магчымасцях дастаўкі. Гэта авіяцыя, што ўжо абмежавана. Або чыгуначны транспарт, але задзейнічанне яго – крыж на транзіце, ды мы б не выключалі гэтага сцэнара.

Ядравыя матэрыялы – пра гэта казаў сам фюрэр. Але гэты рэсурс – гэта «зброя Суднага дня», можна выкарыстоўваць толькі аднойчы і з вельмі непрадказальнымі наступствамі.

Наркотыкі – больш рэальна, асабліва ў святле новага вітка актывізацыі беларуска-венесуэльскіх сувязяў. У Венесуэле іншага сур’ёзнага рэсурсу не засталося. Але гэты рынак падзелены. І сваволя на ім можа каштаваць сабе даражэй.

«Cynic»: З міграцыйным крызісам пакуль ставім кропку. Не бачу тут асаблівых шляхоў развіцця. Новы віток, наколькі я чуў, планаваўся на вясну ў якасці «ўкраінскага трэку». Ён магчымы толькі ў тым выпадку, калі перамовы на лініі РФ – ЗША зойдуць у тупік. Так, мігранты магчымыя толькі пад шумок правакацыі з хімічнай зброяй на Данбасе. Мяркую, што не будуць разыгрываць гэтай карты з афганцамі, а максімум абмяжуюцца правозам войскаў праз тэрыторыю Беларусі, але і гэта ў якасці гіпатэтычнай пагрозы. З ядравымі матэрыяламі рызыкаваць не будуць. Адносна наркотыкаў дамаўляліся і з Афганістанам, і з Венесуэлай, але хаб не будзе моцна пашыраны, каб не захліснуць Расею.

«Минская Семибоярщина»: Сітуацыя пяройдзе ў разрад кіраванага бакамі млявага памежнага сістэмнага крызісу. Трафік мігрантаў прыме выразны арганізаваны планавы характар закідвання спецгрупаў на тэрыторыю Еўразвязу. Кантрабанда наркотыкаў, зброі і ядравых адкідаў павялічыцца прыкладна ў 2–2,5 разу. Курыраваць гэты кірунак працягне Віктар Шэйман.

«Белорусский порядок»: Рэжым дакладна будзе выкарыстоўваць рэшту мігрантаў для падтрымання трывалай напружанасці ўздоўж мяжы. Набраць яшчэ людзей для паўтарэння падзеяў, як у лістападзе, калі тысячы адначасова штурмавалі мяжу, так ужо не атрымаецца. Галоўны магчымы сродак для новага крызісу – гэта пашырэнне расейскай вайсковай прысутнасці ўздоўж межаў з Еўразвязам і Украінай. З’явіцца глеба для арганізацыі ўзброеных правакацыяў, гібрыдных аперацыяў і г. д. Гэта будзе ўспрымацца Захадам вельмі нервова.

Інтэрв’ю
«Стрэл з сігнальнага пісталета – сігнал для пераходу». Польскі жаўнер аб дзейнасці беларускіх службаў
2021.12.18 13:43

5. Ці будзе спроба дээскалацыі?

Напрыклад, вызваленне палітвязняў, памілаванні? Колькі палітвязняў застанецца на канец 2022 года?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Менск, Беларусь.
Фота: Яндекс

«Мая краіна Беларусь»: Так, некалькіх палітвязняў сапраўды вызваляць, але я не думаю, што іх стане менш – наадварот, наб’юць новымі. Застанецца больш, чым было ў 2021 годзе.

«Ник и Майк»: Можна спрабаваць некага выпускаць, нейкіх нязначных людзей, якія не акажуць сур’ёзнага ўплыву на палітычную сітуацыю ў краіне. Ужо ідуць спробы такога гандлю. Але ў бягучых умовах сістэма не працуе, бо гэта продаж паветра за канкрэтныя саступкі з боку Захаду. Таму, на жаль, цяжка казаць пра тое, што будзе дыялог, у выніку якога выйдуць палітвязні. Ці нуль, ці 1500. Сітуацыя з нулём больш імаверная.

«Cynic»: Дээскалацыя пры Лукашэнку на пасадзе не адбудзецца. Не знаходзяць пакупніка: праз Макея ў Польшчу, Нямеччыну і Штаты былі накіраваныя вестачкі аб тым, што могуць выпусціць частку ўзамен на легітымізацыю. Адказу не было. Чуў, што палітычных хацелі выпусціць пад рэферэндум, каб заглушыць хвалю незадаволенасці, але план так і застаўся на паліцы ў якасці пагрозы, што яны, выйшаўшы з-за кратаў, могуць стаць нефармальнымі лідарамі нацыі на перыяд турбулентнасці. Таму, імаверна, тут усё ж «не»: дээскалацыі не будзе да эпохі транзіту.

«Минская Семибоярщина»: Узгадненне складу ўдзельнікаў і тэрмінаў правядзення сепаратных перамоваў для «абмену палоннымі» цяпер у завяршальнай стадыі. Абмяркоўваецца наступная формула першага этапу «дээскалацыі»: адмена санкцыяў для адной юрыдычнай асобы = памілаванне 25–30 «шараговых» палітычных; адмена санкцый для адной вышэйшай службовай асобы = памілаванне адной топ-палітычнай; паэтапная адмена санкцыяў для 5 дзяржаўных службоўцаў сярэдняга і ніжэйшага звяна = памілаванне 5 «шараговых» палітвязняў.

«Белорусский порядок»: Вельмі хочацца верыць, што ў Беларусі не засталося палітвязняў увогуле. Але калі ўсё будзе такімі тэмпамі, як цяпер, – то каля паўтары тысячы. Гэта з улікам тых, хто адбудзе свой тэрмін, і тых, каго яшчэ будуць арыштоўваць. У магутную хвалю дээскалацыі я не веру, бо ў рэжыму няма неабходнасці ў гэтым. Яны будуць «цэментаваць» бягучы стан і абвяшчаць яго новай нармальнасцю. Можа, адпусцяць некалькі дзясяткаў чалавек, але прынцыпова крызісу гэта не развяжа.

Артыкулы
Як правільна спачуваць палітвязням? Пішуць журналіст Мелказёраў і былы зняволены Кныровіч
2021.12.25 23:14

АА belsat.eu

Стужка навінаў