Еўрапейскі суд правоў чалавека забараніў Расеі выдаваць Беларусі пратэстоўца


Прынамсі месяц Дзмітрыя Падлобнікава не мусяць выдаваць на радзіму. Але такія забароны Расея ўжо парушала.

Дзмітрый Падлобнікаў.
Фота: dissidentby.com

Расейскія праваабаронцы атрымалі рашэнне Еўрапейскага суду правоў чалавека аб забароне Расейскай Федэрацыі выдаваць у Беларусь зняволенага Дзмітрыя Падлобнікава, паведаміў у Telegram кіраўнік праграмаў Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў.

Дзмітрыю Падлобнікаву ў Беларусі пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі за «групавое парушэнне парадку» і «гвалт супраць міліцыянта». 28 снежня ягоная адвакатка даведалася, што яго вывезлі з СІЗА ў Каломне і, магчыма, ужо экстрадуюць у Беларусь. Але цяпер ён знайшоўся ў расейскім СІЗА-4.

25-гадовы Дзмітрый Падлобнікаў у 2020 годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах у Жодзіне – выйшаў на плошчу, быў пабіты сілавікамі да страты прытомнасці. Яго затрымлівалі 9 жніўня 2020 года, але вызвалілі праз тры дні – ён з’ехаў у Расею, працаваў будаўніком.

Мінулай зімой у ягонай маці ў Беларусі прайшоў ператрус, пасля ейнага сына абвясцілі ў вышук затрымалі ў Маскве. Падлобнікаў абскарджваў у судзе рашэнне аб выдачы, але Маскоўскі абласны суд вырашыў, што няма доказаў катаванняў або жорсткага абыходжання з пратэстоўцам.

Забарона Еўрапейскага суду правоў чалавека для Расеі не перашкода выдаць Беларусі зняволенага з палітычных прычынаў. Летам 2021 года Расея, нягледзячы на забарону ЕСПЧ, выдала Беларусі байца MMA Аляксея Кудзіна. Цяпер Кудзін асуджаны ў Беларусі на два з паловай гады калоніі за тое, што бараніўся ад байцоў у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія нападалі на пратэстоўцаў у Маладзечне пасля прэзідэнцкіх выбараў.

ВІДЭА
У адной камандзе з Уладзімірам Пуціным. Каго грае Аляксандр Лукашэнка?
2021.12.31 23:57

АА belsat.eu

Стужка навінаў