Базавую велічыню паднялі да 32 рублёў. Колькі цяпер будуць штрафы


Ад 1 студзеня базавая велічыня вырасла з 29 да 32 рублёў – адразу на тры рублі або на больш як 10 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Cуддзя Алена Літвіна.
Фота: belsat.eu

Базавая велічыня ўплывае на памер некаторых выплатаў, як то дапамогі па беспрацоўі, некаторых падаткаў, некаторых прэміяў, а таксама штрафаў і выплатаў судам.

За 2021 год дзяржава назбірала штрафаў на 49 289 444 рублёў.

Адзін з самых частых штрафаў, за безбілетны праезд, цяпер будзе складаць ад 16 да 32 рублёў. Такімі ж будуць штрафы за невялікае перавышэнне хуткасці (на 10-20 км/гдз) – 16 рублёў пры фіксацыі аўтаматычнымі камерамі, 32 рублі – пры фіксацыі супрацоўнікам ДАІ.

Палітычныя штрафы істотна вышэйшыя. Але шанцы атрымаць штрафы, а не арышт, усё ніжэйшыя. У базе праваабаронцаў «Вясны» ў адміністратыўных палітычных справах у 2019 годзе штрафы складалі 86,9 % пакаранняў, у 2020-м – 35,9 %, у 2021-м – 27,5 %.

Штрафы паводле «народных» адміністратыўных артыкулаў у палітычных справах зараз будуць такімі:

  • Да 960 рублёў – «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці», арт. 11.3 КаАП РБ. Такі штраф могуць даць за пратэставую налепку на слуп.
  • Ад 64 да 960 рублёў – «Дробнае хуліганства», арт. 19.1 КаАП РБ. Паводле гэтага артыкулу могуць судзіць за што заўгодна – напрыклад, за спробу паразмаўляць з удзельнікамі праўладнай акцыі, за фота прапагандыста або за спробу законна трапіць на суд.
  • Да 640 рублёў (калі матэрыял не ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх») або ад 320 да 960 рублёў (калі ўключаны) – «Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў», арт. 19.11 КаАП РБ. На дадатак да штрафу часта канфіскуюць мабільны тэлефон або іншую лічбавую тэхніку. «Экстрэмісцкі матэрыял» – гэта любы артыкул «Белсата», TUT.by і шэрагу іншых выданняў (нават калі артыкул пра коцікаў) і любое фота з лагатыпамі забароненых выданняў, а таксама паведамленні шматлікіх Telegram-каналаў, якія забаронена перасылаць нават у прыватнай перапісцы.
Тэст
Гэта «экстрэмізм» ці не? Контрінтуітыўны тэст пра Telegram-каналы
2021.11.04 11:41
  • Ад 640 да 960 рублёў – «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі», арт. 23.5 КаАП РБ. Артыкул для недзяржаўных і замежных медыяў, якія працуюць без дазволу ўладаў.
  • Ад 64 да 3200 рублёў – «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы», арт. 24.3 КаАП РБ. Гэта можа быць і за адмову ад незаконных патрабаванняў, як то ад запісу «пакаяннага відэа», а можа быць і ў выпадках, калі іншых нагодаў пакараць няма: шматлікія выракі за «непадпарадкаванне» былі тым, каго спачатку затрымалі (нават пасля ператрусу), затым даставілі ў аддзяленне – а там ужо адбылося «непадпарадкаванне», якое, канешне, не было зафіксаванае на відэа.
  • Ад 640 да 960 рублёў (у рэальным жыцці) або ад 320 да 6400 рублёў (у інтэрнэце) – «Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў», арт. 24.4 КаАП РБ. Ужываецца ўсё радзей – летась за абразу сілавікоў судзілі паводле крымінальнага артыкулу, стандартным пакараннем была «хатняя хімія».
  • Да 3200 рублёў (удзельніку), або ад 640 да 4800 рублёў (арганізатару), або ад 640 да 6400 рублёў (паўторна) – «Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», арт. 24.23 КаАП РБ. Несанкцыянаванымі могуць быць хоць налепка з Пагоняй на машыне, хоць бел-чырвона-белыя шкарпэткі, хоць каробка з-пад тэлевізара на лоджыі.
Hавiны
За напад на снегавіка ў Смаргоні распачалі крымінальную справу
2022.01.01 12:25

АА belsat.eu

Стужка навінаў