«Граем для Беларусі – 2021»

У Дзень Волі, 25 сакавіка, адбыўся канцэрт, дзе прагучалі творы гурта «Naviband», песня «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі», а таксама гіты Чэслава Немэна. Гэтая імпрэза – праява салідарнасці палякаў з беларусамі ў іхным імкненні да законнасці і справядлівасці.

Канцэрт адбыўся ў Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве, у сувязі з эпідэмічнаю сітуацыяй – онлайн, без гледачоў у зале.

Прагучалі песні іконы польскае музыкі Чэслава Немэна, які паходзіў з Беларусі, новыя песні «Naviband», слынныя «Муры» Яцэка Качмарскага, а таксама «Грай» – гіт гурта «Ляпіс Трубяцкі». Польскія выканаўцы Крыстына Пронька, Кася Цэрэквіцка, Ігар Гэрбут і Пётр Цугоўскі разам з беларускімі – гуртом «NaviBand» і хорам «Гармонь» з Ласінкі – заспявалі ў суправаджэнні аркестру Нацыянальнай філармоніі пад кіраўніцтвам Адама Штабы і Зузанны Фалькоўскай, якія разам з Марцінам Міроўскім адказвалі за аранжаванне і музычнае афармленне канцэрту.

Гэтак палякі выказалі салідарнасць з беларусамі, якія са жніўня 2020 года зацята і адважна, не зважаючы на рэпрэсіі ды пагрозы, дамагаюцца справядлівасці і свабоды. Падобнае нашыя суседзі зведалі сорак гадоў таму, калі страйкі, пратэсты і сутыкненні з паліцыяй былі для Польшчы штодзённасцю.

Арганізаваў канцэрт польскі Нацыянальны цэнтр культуры пры падтрыманні Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту, Цэнтру культуры і гісторыі, Польскага тэлебачання і Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве.

Песні, якія гучаць на канцэрце:

  • Грай – Igor Herbut («Ляпіс Трубяцкі» cover), хор «Гармонь»
  • Іншымі – «NaviBand»
  • Гісторыя майго жыцця – «NaviBand»
  • Pod Papugami – Адам Штаба і Аркестр нацыянальнай філармоніі
  • Wspomnienie – Kamil Bijoś
  • Sen o Warszawie – Katarzyna Cerekwicka
  • Pamiętam ten dzień – Piotr Cugowski
  • Dzwiny jest ten świat – Krystyna Prońko
  • Девочка в белом – «NaviBand»
  • Бяжы – «NaviBand»
  • Миллионы большых сердец – «NaviBand»
  • Муры – Igor Herbut, Ксенія Жук, хор «Гармонь»

Калаж з фота: Darek Majewski / Forum