Аб'ектыў 24.04.2019 Зянону Пазняку – 75!


75-годдзе адзначае сёння Зянон Пазняк – палітык, грамадскі дзеяч і пісьменнік, які адкрываў праўду пра Курапаты, ініцыяваў стварэнне Беларускага Народнага Фронту і заўжды нагадваў, што мы маем «бараніць, захоўваць, умацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі». Пра заслугі Зянона Станіслававіча гісторыя кажа ўжо цяпер.

Віншаванні з юбілеем сёння прымае адзін з найвядомейшых беларусаў – Зянон Станіслававіч Пазняк. За галоўнай сваёй каштоўнасцю – беларускаю нацыяй – ён вымушаны назіраць з-за мяжы.

«Пры тым, што знішчаная грамадзянская супольнасць, нацыя ўсё ж такі акрэпла. Нічога ў іх не атрымаецца. Я бачу ўжо гэтыя працэсы і бачу вынікі. Улады таксама бачаць, нервуюцца, яны ў Курапатах крыжы пачалі ламаць!» – гаворыць палітык, грамадскі дзеяч, пісьменнік Зянон Пазняк.

Знос крыжоў – балючая падзея для першага даследніка Курапатаў. Разам з Яўгенам Шмыгалёвым у 1988 годзе Зянон Пазняк адкрыў для беларусаў, што ў Курапацкім лесе карнікамі НКВД былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч чалавек, дзеячаў беларускай інтэлігенцыі ды замежнікаў.

У дзень народзінаў спадара Зянона ля збудаванай тут насуперак пратэстам рэстарацыі «Паедзем паядзім» згуртаваліся абаронцы Курапатаў з бел-чырвона-белаю сімволікай і заўсёднік з КДБ.

«Мы памятаем, што з адкрыцця праўды пра Курапаты пачаўся масавы нацыянальны рух, зарадзіўся Беларускі Народны Фронт. Фактычна з Курапатаў пачалася гісторыя найноўшай беларускай незалежнасці. Таму Зянон Пазняк для нас – гістарычная постаць», – каментуе Павел Севярынец, БХД.

У 90-м і 91-м годзе, калі Беларусь мелася вызначыць свой геапалітычны шлях, у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання было толькі 8 адсоткаў прыхільнікаў незалежнай Беларусі, кажа тагачасны каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ, суаўтар Зянона Пазняка па кнізе «Дэпутаты Незалежнасці» і дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Сяргей Навумчык:

«Нават сярод дэмакратычных дэпутатаў і нават сярод некаторых дэпутатаў БНФ ідэя поўнай незалежнасці не была ўсвядомленаю. Пазняк гэта вызначыў як палітычную мэту. Ніякай дапамогі з Захаду ні Народнаму Фронту, ні Пазняку ў справе змагання за незалежнасць не было».

Супрацьстаянне з Захаду, Усходу і ўнутры парламенту ўдалося прабіць. Пасля прыбалтыйскіх краінаў 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. «ЗА» прагаласавалі 229 з 232 зарэгістраваных дэпутатаў.

Пра ролю Зянона Пазняка ў стварэнні незалежнай Беларусі памятаюць перадусім тыя, хто заспеў гэтыя падзеі.

«Адраджалі Беларусь як дзяржаву».

«Зрабіў вялікую справу ён. Яшчэ я ведаю яго як археолага, навукоўца. Гэта добры палітычны дзеяч. Шкада, што ён з’ехаў».

«Зянон Пазняк гэта нехта з апазіцыі, а пра ролю ягоную не ведаю», – кажуць жыхары Менску.

Апытаная ж намі моладзь кажа:

«Не ведаю хто такі».

«Шчыра – не ведаю, без паняцця, я не моцная ў гісторыі».

Асабліва ў гісторыі не напісанай… Сёння яшчэ не можам прадбачыць, калі і ў якой інтэрпрэтацыі Зянон Станіслававіч увойдзе ў падручнік найноўшай гісторыі Беларусі. Але ведаем, што абмінуць ягоную постаць гісторыя не можа.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары