Аб'ектыў 29.09.2019 Зяленскі прыехаў у Бабій Яр пасля таго, як яго раскрытыкавалі ўкраінскія габрэі


У нядзелю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў мемарыяльны комплекс «Бабін яр». Агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» падае, што кіраўнік дзяржавы ўшанаваў ахвяраў трагедыі ў Бабіным Яры з нагоды 78-годдзя гэтых падзеяў.

Візіт у мемарыяльны комплекс адбыўся пасля таго, як кіраўнік Аб’яднання юдэйскіх рэлігійных арганізацыяў Якаў Доў Блайх раскрытыкаваў Зяленскага, габрэя з паходжання, за тое, што той у гадавіну масавага расстрэлу абмежаваў сваю прысутнасць на шэсці ў Бабій Яр праз Кіеў афіцыйным вянком.

Шэсце без лозунгаў і транспарантаў

Маршрут дэманстрацыі, якая прайшла сёння ў Кіеве, – гэта дарога смерці для 34 тысяч габрэяў, расстраляных у 1941 годзе. Для большасці ўдзельнікаў гэтая трагедыя – гісторыя ўласнай сям’і.

Памятная цырымонія ў Бабіным Яру. 29 верасня 2019 года. Фота – Глеб Гараніч / Reuters / Forum

29 верасня 78 гадоў таму быў панядзелак. Усяму габрэйскаму насельніцтву Кіева загадалі з’явіцца а 8-й раніцы з пашпартамі і каштоўнасцямі. Людзі, што ішлі з розных частак гораду, зліваліся ў адну плынь. У канцы маршруту іх распраналі, адбіралі рэчы і расстрэльвалі, хаця на дзяцей да трох гадоў акупацыйныя нямецкія ўлады нават не трацілі куляў.

«Палова маіх сваякоў сышла гэтай дарогай. Тыя, што засталіся, змаглі неяк справіцца, схавацца. Нехта бег у бок Вінніцы, там былі румыны, у першыя гады вайны яны былі больш лаяльныя. Хаця вядома, што з Кіева ў верасні выязджаць забаранялі», – распавядае «Белсату» Аляксандр Векслер, былы інжынер з гораду Белая Царква.

Сённяшняе шэсце сабрала некалькі сотняў удзельнікаў, у іх ліку былі габрэі з замежжа і вядомыя публічныя персоны.

«Калі ты давяраеш зашмат улады аднаму чалавеку, яна можа рабіць агідныя рэчы. Бо ўсё, што адбывалася ў Нямеччыне і краінах, куды прыходзілі фашысцкія войскі, – гэта ўсё рабілася паводле закону», – кажа прадпрымальнік і наватар Максім Бахматаў.

Нягледзячы на традыцыю несці да магілаў каменьчыкі, шмат хто прынёс таксама кветкі. Працаўнікі мемарыяльнага цэнтру Бабін Яр кажуць, што людзей за год пабольшала.

«Пазітыўная тэндэнцыя ў тым, што і летась, і сёлета прыехалі дзеткі з Жытоміру, з Белай Царквы школьнікі, распавёў Ілля Панфілаў, каардынатар у Мемарыяльным цэнтры Бабін Яр. – Тут неверагоднае яднанне пакаленняў адбываецца, бо прысутныя некалькі чалавек, што выжылі падчас Галакосту».

Відэаэпартаж Адэлі Дубавец з Кіеўву глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 верасня

Глядзі таксама
Каментары