Аб'ектыў 03.05.2019 Звярнуцца па візу ў кансулаты гэтых краінаў амаль немагчыма


Беларускі памежны кантроль на станцыі Гудагай на мяжы з Літвой. Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Польскія і літоўскія шэнгенскія візы аказаліся найбольш запатрабаванымі ў беларусаў. Гэтак, днямі з’явілася інфармацыя пра вялікія чэргі ды праблемы пры рэгістрацыі на атрыманне візаў менавіта гэтых дзвюх краінаў.

Менчукі абураюцца ў сеціве на складанасці атрымаць шэнгенскую візу.

«На сайце мяне выбівала проста, я не магла нічога зрабіць, і датэлефанавацца я таксама не змагла, каб перанесці. Цяпер я прыйшла проста па жывой чарзе, і мне страшнавата, мне падаецца, я нічога не паспею», – кажа Дарья, якая прыйшла падаваць дакументы на візу.

Рэпартаж Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 3 мая:

У выніку Дар’я трапіла ў візавы цэнтр, але заплаціла 25 рублёў за падаванне дакументаў без папярэдняга ў запісу. Каментаваць вялікі попыт на шэнген у візавым цэнтры Літвы адмовіліся.

«Можна толькі праз інфармацыйную пошту звязацца з нашым кіраўніцтвам, скласці спіс пытанняў, і тады можна атрымаць нейкі адказ», – кажа працаўнік візавага цэнтру Літвы.

Мы паспрабавалі таксама атрымаць каментар праз тэлефон. Але безвынікова.

Часцей за ўсё беларусы атрымліваюць візы Польшчы і Літвы. Разам консульствы гэтых краінаў выдалі летась беларусам больш за 400 тысяч шэнгенскіх візаў. Агулам краіны Шэнгенскага пагаднення выдалі беларусам больш за 600 тысяч візаў.

«Сапраўды, ёсць цяжкасці, цяжкасць у тым, што колькасць ахвочых у некаторыя, падкрэсліваю – у некаторыя амбасады і візавыя цэнтры, перавышае колькасць месцаў. Таму адпаведна могуць не ўсе ахвотныя трапіць», – каментуе сітуацыю дырэктар агенцтва «Надо виза» Сяргей Андронаў.

Беларусь традыцыйна мае самы маленькі адсотак адмоваў у шэнгенскіх візах сярод краінаў СНД – менш за адзін выпадак на сто. Агульнае правіла: падаваць дакументы на візу ў консульства той краіны, дзе плануецца правесці найбольш часу. А не паводле правіла першага ўезду.

«Насамрэч візу можна атрымаць і хутка, калі пажадаць. А калі грукацца ў дзверы, у якія акрамя цябе грукаюцца яшчэ 50 тысяч чалавек, то так, можна не трапіць», – кажа Сяргей Андронаў.

Перад сезонам адпачынкаў попыт на візы вырас. На сённяшні дзень пабачыць найбліжэйшыя даты на падачу дакументаў у візавыя цэнтры Літвы і Польшчы нам гэтак і не ўдалося.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары