Званкі, пагрозы ў Вайбэры, каментары на YouTube. Хейт супраць кандыдатаў


Галасаванне пачнецца ўжо 12 лістапада, але ўлады не спыняюць спробаў вывесці з выбарчай кампаніі чарговых кандыдатаў ад апазіцыі. Скасаванне ўжо выдадзенай рэгістрацыі, правакацыі і пагрозы – якія перашкоды ствараюць незалежным кандыдатам?

Нечаканы госць – праўладавы блогер Аляксей Голікаў – пакінуў прэс-канферэнцыю берасцейскіх кандыдатаў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі толькі пасля таго, як прыбыла міліцыя. Гэта не першая правакацыя, якую ўбачыў падчас выбарчай кампаніі кандыдат Сяргей Мазан. У Столінскай акрузе № 16 яго цкуюць дзяржаўныя медыі, а невядомыя высылаюць паведамленні з пагрозамі забіць.

«Адразу быў званок з незразумелым шуршэннем у трубцы і пытаннямі «ты дзе»? Пасля таго, як я скінуў, паступіла паведамленне ў Вайбэр. Пасля таго, як я заблакаваў карыстальніка, паведамленні пачалі паступаць на асабісты тэлефон і на YouTube у выглядзе каментароў», – распавядае Сяргей Мазан.

У Наваполацку агітацыя праходзіць спакайней. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валер Валажонак тут спадзяецца прыцягнуць увагу ўладаў да экалагічных праблемаў гораду. Праўда, у справядлівасць падліку галасоў кандыдат у дэпутаты даўно не верыць. З якою мэтай тады ён удзельнічае ў выбарчай кампаніі?

«Калі ўвогуле не займацца палітычнымі мерапрыемствамі, то 25 гадоў існаваў гэты рэжым і яшчэ 20 будзе існаваць», – тлумачыць Валер Валажонак.

Навінкай гэтай выбарчай кампаніі стаў новы спосаб адсеву апазіцыянераў. Ужо пасля рэгістрацыі іх здымаюць за парушэнне выбарчага заканадаўства.

«Забіралі рэгістрацыю ўва ўсіх тых, хто актыўна сябе паводзіў падчас агітацыйнай кампаніі. І гэта відавочна», – зазначае зняты з выбараў у Палату прадстаўнікоў Павел Юхневіч.

Паўла Юхневіча знялі за тое, што ён не падаў заяўкі на месцы правядзення агітацыі, хоць Выбарчы кодэкс такіх заявак не патрабуе. Паліну Шарэнду-Панасюк – за тое, што ў тэлевыступе назвала Аляксандра Лукашэнку дыктатарам. Змітра Казакевіча – за тое, што агітаваў, не ўзяўшы адпачынку на працы.

Рэгістрацыі пазбавілі ўжо 12 прадстаўнікоў апазіцыі. Чарговай стала кандыдатка з Заслаўскай акругі Вольга Беляўцова.

«Камісія адмовіла ў рэгістрацыі мне на падставе двух ананімных зваротаў. Нават калі іх разглядаць па сутнасці, яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Звесткі, якія там месцяцца, не адпавядаюць рэчаіснасці», – абураецца Вольга Беляўцова.

Як да скасавання рэгістрацыі кандыдатаў ставяцца выбарцы? Адказваюць жыхары Магілёва:

«Несправядліва! Няхай усе ўдзельнічаюць у выбарах!»

«Напэўна, на гэта ёсць прычына. Правільна зрабілі!»

«А што ў нас так усё гладка, што крытыку сваю падаць нельга? Мы ж не ў шакаладзе такім!»

«Калі гэтая ўлада і гэтая дзяржава пазіцыянуе сябе як рэспубліка, а не як дыктатура, то гэта проста недапушчальна!»

Першыя бюлетэні ў чырвоныя скрыні нашыя суайчыннікі ўкінуць ужо заўтра. Пачынаецца датэрміновае галасаванне – працэдура, якая, паводле дакладаў місіі АБСЕ, дае ўладам шырокія магчымасці для фальсіфікацыяў.

Аляксандр Папко belsat.eu