Звальненні на заводзе «Магілёўхімвалакно»


Эдуард Абакановіч працаваў на заводзе «Магілёўхімвалакно» з тысяча дзевяцьсот дзевяноста другога года. Ён прыйшоў на прадпрыемства слесарам кантрольна-вымяральных прыладаў і аўтаматыкі шостага разраду, а сышоў – вядучым энергетыкам. Звальненне Эдуарда адбылося раптоўна на Новы год, праз што ўдвая горка.

«Канечне, я не збіраўся сыходзіць 31 снежня мінулага года, калі мяне 30-га запрасілі на размову да начальніка ўпраўлення ў ідэалогіі і кадрах і прапанавалі звольніцца на пагадненне бакоў або мяне падвядуць пад артыкул…», – распавядае былы працаўнік заводу «Магілёўхімвалакно» Эдуард Абакановіч.

Эдуард Абакановіч кажа, што за 28 гадоў працы не меў вымоваў ці папярэджванняў. Першае спагнанне з’явілася сёлета ў кастрычніку – пасля таго, як Эдуард трапіў на фотаздымак парталу «Тут.бай» з разгону акцыі пратэсту ў Магілёве дзясятага жніўня. Пры гэтым да адміністратыўнае адказнасці Эдуарда не прыцягвалі, у РАУС не выклікалі.

«І ўсё было зроблена так, каб падвесці пад артыкул, і апошняе дзеянне адміністрацыі, я фактычна ні ў чым не вінен, я нічога не краў, нічога не парушаў. Яны падвялі, што я не выконваў, не выкананне службовых абавязкаў, і меў не пагашанае спагнанне», – кажа Эдуард Абакановіч.

Разам з Эдуардам звольнілі і ягонага калегу ў цэху Валерыя Галубцова. Мужчына працаваў вядучым механікам. Сваё першае спагнанне Валерый атрымаў, як і Эдуард, пасля жніўня 2020 года.

«Калі мне абвесцілі заўвагу, усе не надалі гэтаму значэння, маўляў, банальная справа, фармалізм у нейкай ступені, бо аб’явілі заўвагу, пакаралі, усіх усё задаволіла – ну, і працуем далей», – распавядае былы працаўнік заводу «Магілёўхімвалакно» Валерый Галубцоў.

Звальненне для абодвух мужчын было як гром з яснага неба. За што, калі рэальных парушэнняў яны, на іхную думку, не здзяйснялі ні на працы, ні па за ёю? Няўжо толькі за іхную грамадзянскую пазіцыю, якой яны ні ад каго не хавалі доўгія гады?

«На прахадной нас проста, як свіней нейкіх, не пусцілі. Сказалі: «Вы ўжо не зʼяўляецеся працаўнікамі… і таму загад – не пускаць па асабістыя рэчы. Але добра, у нас засталіся калегі, якія вынеслі нашыя асабістыя рэчы, і мы, як нейкія незразумелыя бамжы, былі вымушаныя пераапранацца проста на прахадной», – кажа Валерый Галубцоў.

Эдуард і Валерый засталіся незадаволеныя хамскім абыходжаннем на заводзе, якому яны аддалі столькі гадоў. І звярнуліся да праваабаронцаў, каб падаць пазоў у суд на свайго былога працадаўцу.

«Гэта справа відавочна палітычная. Будзем абскарджваць у судзе гэтыя спагнанні: вымовы і звальненні гэтых людзей. Шанцы выйграць ёсць, бо яны працавалі, як працавалі дзясяткі гадоў, а пасля выявілася, што яны працавалі з парушэннямі», – абнадзейвае праваабаронца Барыс Бухель.

Начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадраў заводу «Магілёўхімвалакно» Аляксандр Кажамякін у тэлефоннай размове каментаваць сітуацыю адмовіўся. Што ж, даведаемся пра стаўленне заводу да звальнення сваіх працаўнікоў у судзе, калі да яго дойдзе справа.

Вольга Васільева, «Белсат»