Звальненні і вымовы ў Гарадзенскім драмтэатры


Акторы Гарадзенскага драмтэатру дачакаліся, калі на спектаклях поўныя залі, але з гледачамі не сустрэнуцца. Спектаклі адмененыя а тэатр будзе працаваць у рэжыме рэпетыцыяў – абвесціў дырэктар і чалец Савета Рэспублікі Ігар Гедзіч. Палітычна-актыўным акторам ён абрэзаў заробкі, а Ігара Уланава – увогуле звольніў.

Спектаклі «451 па Фарыгёнгейту» і «Шынель» – адмененыя сёння і заўтра ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры. Афіцыйная прычына – праблемы з COVID-19. Сяргей Курыленка, актор гарадзенскага драматычнага тэатру:

«Я думаю, што пытанне ў іншым, яно ў тым, што сёння і заўтра ў нас мусілі быць поўныя залы ў сувязі з тым, што людзі хацелі падтрымаць нас – калектыў тэатру».

Сяргея Курыленку і Валянціну Харытонаву 20 верасня затрымлівалі сілавікі пад час маршу салідарнасці. Акторы, якія ў той час гралі спектакль «Вельмі простая гісторыя», у антракце прынялі рашэнне спыніць спектакль. Зал апладзіраваў стоячы… Але дырэктар тэатру Ігар Гедзіч сёння раздаў санкцыі Курыленку, Харытонавай і акторам, якія ў нядзелю спынілі пастаноўку – на тры месяцы пакінуў на так званым голым акладзе (BR 150). Ён таксама ўстановы паведаміў, што тэатр пераходзіць у рэпетыцыйны перыяд. Ігар Уланаў, актор Гарадзенскага драматычнага тэатру:

«Вось парадокс… калі ў залі быў адзін чалавек, адміністрацыя сцвярджала, што неабходна граць, а вось калі, так бы мовіць, у залі няма дзе яблыку ўпасці – спектаклі адмяняюцца».

Актора Ігара Уланава дырэктар сёння звольніў з працы, што можа быць другою (ці першаю з двух) прычынаю адмены спектакляў. Ігар Уланаў, актор Гарадзенскага драматычнага тэатру:

«Усіх тых, хто ня згодны з тым жахам і бязладдзем сілавых структур, які цяпер адбываецца… тых, хто не можа маўчаць… Іх чакае той самы лёс».

Гарадзенскі тэатр узяў перапынак са спектаклямі другім пасля галоўнай тэатральнай пляцоўкі краіны – Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы, адкуль разам на знак пратэсту звольніліся 52 асобы. Адную з акторак – Анастасію Шпакоўскую, спецслужбы вымусілі пакінуць краіну – не толькі за тэатр: удзельнічала ў штабе Віктара Бабарыкі, выказвала грамадзянскую пазіцыю праз песні, будучы лідаркаю гурта «Naka». Наста ўзгадвае:

«Дзеля таго каб атрымаць дазвол на канцэрт, трэба атрымаць гастрольнае пасведчанне, так яно называецца. І ў тых, хто прымае рашэнне – выдаваць гэтае пасведчанне ці не, ёсць спіс неблаганадзейных артыстаў, якім катэгарычнае «не».

У адрозненне ад калектыву гарадзенскага тэатру, у сталічным купалаўскім творцы і дырэктар – былі аднадумцамі, а звальненні распачаліся акурат з дырэктара і былога міністра культуры Паўла Латушкі. Пасля адыходу з дзяржаўнай пляцоўкі, якая абмяжоўвала ў выбары тэмаў, калектыў адчуў другое дыханне.