«Зубры Дынама» разбілі піцерцаў


Як мы напярэдадні загадалі, каб менскае «Дынама» дацягнула да перамогі хатні матч чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі супраць грознага санкт-пецярбургскага СКА, тое і ажыццявілася. «Зубры» дасягнулі мінімальнага поспеху, 3:2, у асноўны час.

«Ведалі, СКА мае адну з найлепшых рэалізацыяў большасці ў Лізе. Таму асобная падзяка нашым хлопцам, якія абараняліся ў няпоўным складзе. Яны прымалі ўсе шайбы на сябе. Добра, што ўдалося вытрымаць пачаткі перыядаў, бо армейцы заўсёды агрэсіўна распачынаюць. І паспяхова рэалізавалі свае моманты. Спадзяюся, паласа нешанцавання скончылася», – зазначае Андрэй Кавалёў, галоўны трэнер ХК «Дынама» (Менск).

Піцерцы распачалі закідваць напрыканцы другога перыяду, калі гаспадары ўжо вялі 3:0. У першай і другой траціне Джонатан Чычу двойчы рэалізаваў колькасную перавагу, а паміж гэтым Аляксей Калюжны на сярэдзіне стартавай дваццаціхвілінкі закінуў пры роўных складах. Тры свежыя пункты, і «Зубры» сталі вышэй яшчэ на адную пазіцыю ў Заходняй канферэнцыі. Цяпер менчукі дзявятыя, адстаючы ад браціслаўскага «Словану» на пяць пунктаў пры роўнай колькасці праведзеных гульняў. Наступны матч у нашага «Дынама» заўтра супраць маскоўскага «Спартака».

Алесь Пуціла, «Белсат»