ЗША: дэмакратыя перажыла крызіс


У ніжняй палаце амерыканскага Кангрэсу і дэмакраты, і рэспубліканцы рыхтуюцца да магчымага адхілення Доналда Трампа ад пасады прэзідэнта. Падстава для імпічменту – 25-я папраўка Канстытуцыі ЗША, то бок калі прэзідэнт не здольны выконваць свае абавязкі. Прычына ў тым, што сам Доналд Трамп скіраваў натоўп пратэстоўцаў у будынак Кангрэсу, калі там канчаткова зацвярджалі вынікі выбараў.

Нічога падобнага ў Вашынгтоне не здаралася больш за 200 гадоў, з моманту, калі будынак Капітолію захапілі войскі Брытанскай Імперыі. На гэты раз Кангрэс штурмавалі амерыканскія грамадзяне, самыя гарачыя прыхільнікі Доналда Трампа. 45-ы прэзідэнт не мог пагадзіцца, што па ўсіх паказніках прайграў выбары, таму з адмысловай трыбуны заклікаў іх дзейнічаць – ісці да Капітолію.

«Мы ніколі не здамося і не ніколі не саступім. Гэтага не будзе! Вы не саступаеце, калі справа датычыць крадзяжу», – так Трамп звярнуўся да прыхільнікаў з адмысловай трыбуны.

У Кангрэсе ішло паседжанне, якое мела канчаткова сертыфікаваць вынікі складанай сістэмы прэзідэнцкіх выбараў: і агульнае галасаванне, і галасы Калегіі электараў, і тое, што ні адзін з незалежных судоў не пацвердзіў маштабу парушэнняў, пра якія казала каманда Трампа.

Але калі трампісты прарвалі паліцэйскія заслоны, паседжанне Кангрэсу прыпынілі, заканадаўцаў эвакуявалі з будынку ў адмысловае сховішча.

«Сцэны хаосу ў Капітоліі не адлюстроўваюць сапраўдную Амерыку, не прадстаўляюць таго, кім мы ёсць. Мы бачым невялікую купку экстрэмістаў, прыхільнікаў беззаконня. Гэта не іншадумства. Гэта хаос, які мяжуе з мяцяжом. Таму я заклікаю гэты натоўп адступіць і даць дэмакратыі рухацца наперад», – заявіў у звароце да амерыканцаў прэзідэнт-элект Джо Байдэн.

Нацыянальная гвардыя дапамагла паліцыі са спазненнем, калі атрымала загад ад віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса. Доналд Трамп не аддаваў загаду спыніць беспарадкі.

Сярод самых агрэсіўных нападнікаў журналісты апазналі лідараў адыёзных рухаў прыхільнікаў тэорыі змовы, якія, напрыклад, распаўсюджваюць інфармацыю, што ліберальныя палітыкі п’юць кроў дзяцей. У выніку беспарадкаў загінулі чатыры асобы.

З паўсотні затрыманых – 5 чалавек арыштавалі за нелегальнае нашэнне зброі.

«26 арыштаў адбылося на тэрыторыі Капітолію. Таксама былі знойдзеныя дзве самаробныя трубкавыя бомбы, адна ў Нацыянальным камітэце Дэмакратычнай партыі, другая ў Нацыянальным камітэце Рэспубліканскай партыі. У аўтамабільным кулеры знайшлі даўгарульную зброю і кактэйлі Молатава. Гэта ўсё таксама было на тэрыторыі Капітолію», – распавёў журналістам шэф паліцыі Вашынгтону Робэрт Конці.

Заканадаўцы вярнуліся на працоўныя месцы. Кангрэс аднавіў слуханні і ўжо ў ноч на чацвер канчаткова пацвердзіў перамогу Джо Байдэна.

«Вынікі галасавання за прэзідэнта наступныя: Джозэф Байдэн атрымаў 306 галасоў Калегіі электараў. Доналд Трамп – 232. Галасы за віцэ-прэзідэнта наступныя: Камала Гарыс атрымала 306 галасоў электараў, Майкл Пэнс – 232 галасы», – абвесціў вынікі ў Кангрэсе віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс.

Доналд Трамп не прызнаў паразу, але заклікаў сваіх прыхільнікаў спыніць пратэсты.

«Гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя. Але мы не можам гуляць на руку гэтым людзям. У нас мір. Таму ідзі дадому, мы цябе любім, ты вельмі асаблівы», – такія словы прагучалі на відэа, якое Трамп апублікаваў у твітары.

На знак пратэсту супраць крызісу, выкліканага дзеяннямі Трампа, не менш за 7 высокапастаўленых чыноўнікаў з ягонай каманды падалі ў адстаўку. Гэта сімвалічныя крокі, бо ўжо 20-га студзеня адбудзецца інаўгурацыя Джо Байдэна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў