ЗША дапамогуць Беларусі з інтэрнэтам


Спадзевы беларусаў на бесперабойны інтэрнэт і ахову звестак могуць здзейсніцца. У Злучаных Штатах прымаюць Акт аб дэмакратыі. Ён прадугледжвае падтрыманне Беларусі ў пытаннях кібербяспекі. Што гэта азначае на практыцы?

Акт аб дэмакратыі прадугледжвае шэраг санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Але пры гэтым дакумент павінен падтрымаць беларусаў ва ўзмацненні кібербяспекі – вядзецца аб бесперабойным інтэрнэце. Акт ужо прынялі ў ніжняй палаце парламенту ЗША. Наступны крок – верхняя, потым подпіс прэзідэнта Злучаных Штатаў. Да 20 студзеня гэта Доналд Трамп. Потым у паўнамоцтвы ўступіць Джоў Байдэн. На інаўгурацыю запрасілі і Святлану Ціханоўскую. Калі візіт адбудзецца – Акт аб дэмакратыі, напэўна, таксама стане тэмай для абмеркавання.

«Ужо даўно ішла гаворка пра тое, што Злучаныя Штаты могуць дапамагчы беларускім медыя, грамадзянскай супольнасці ў забеспячэнні інтэрнэту. Таму што інтэрнэт нестабільны. Мы назіраем цэнзуру з боку дзяржавы. А ў выпадку масавых акцый, як 9–11 жніўня, назіралі поўнае адключэнне інтэрнэту. Такім чынам людзі былі пазбаўленыя магчымасці атрымліваць незалежную інфармацыю, а таксама камунікаваць паміж сабой. І Злучаныя Штаты маглі б дапамагчы з абсталяваннем, а таксама з тэхналогіямі, якія маглі б вырашыць гэтыя інтэрнэт-абмежаванні, а таксама цэнзуру», – разважае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сёння, 30 лістапада, Міжнародны дзень аховы інфармацыі. А для сучасных беларусаў пытанне кібербяспекі актуальнае. Асабліва для тых, хто нейкім чынам бярэ ўдзел у пратэстах. Што рабіць, калі вас затрымалі, адабралі тэхніку і ўзламалі паролі? Аляксандр, які адчуў пераслед на сабе, нагадвае простыя правілы: пажадана мець два тэлефоны і адзін пакідаць дома; не падпісвацца з асабістага акаўнту на розныя чаты; усталяваць праграму двайной аўтэнтыфікацыі; калі адчуваеце, што набліжаецца затрыманне, выняць сім-картку.

«Трэба правяраць усё, што вы можаце праверыць. Таксама выдаляць з прыладаў усё, што выклікае сумневы. Ну і разумець, на што вы падпісаныя, на якія каналы. Ня быць падпісаным на нейкаю вялікую колькасць. То бок, калі мне вярнулі тэлефон, я зразумеў, што нешта ня так. Таму што выконваю нейкую лічбавую гігіену. Я быў падпісаны на нейкаю колькасць каналаў. Але ня больш за дзясятак», – на ўласным прыкладзе паведамляе медыяменеджар Аляксандр.

Паводле Аляксандра, калі яго вызвалілі, са свайго тэлефона ён выдаліў некалькі чужародных праграмаў. Таму, нагадвае ён, перш за ўсё – лічбавая гігіена.

Надзея Бельская, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!