Зруйнавалі жытло, узамен далі дом, дзе нават не працуе печ


Нядбайнасць да дакументаў ва ўмовах айчыннай бюракратыі згуляла злы жарт з Віталём Сакутам, жыхаром вёскі Першамайская, што на Берасцейшчыне.

«Ён застаўся між небам і зямлёй. На сённяшні дзень. Як раз на зіму. Бо дом, у якім ён пражываў, на сёння ліквідаваны», – распавядае экс-кандыдат на дэпутацтва Валянцін Лазарэнкаў.

Віталь Сакута жыў у доме на вуліцы Мельнічнай, куды яго засялілі ад саўгасу, дзе ён працаваў. Праз 10 гадоў працы дом меўся перайсці ў ягоную ўласнасць. Віталь Сакута адпрацаваў ажно 14 гадоў. Але зрабіцца ўладальнікам дому яму не ўдалося. Мужчыну падкасіў інсульт, і пакуль ён амаль год правёў у лякарнях, жытло зруйнавалі, а на яго месцы паклалі фундамент новай будоўлі.

«Узамен праз 2 гады далі мне іншы дом у гэтай самой вёсцы. Прапанавалі мне яшчэ два дамы ў вёсцы Жычын» – кажа ён.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Але якасць прапанаванага жытла пакідае шэраг пытанняў.

«Падлога добрая. Печка добрая. Пліта… Ну, то бок печку трэба рамантаваць. Патрэбны падвод святла. А святло – гэта азначае, што і праводку трэба мяняць. Але гэты дом значна лепшы, чым быў той», – распавёў стараста вёскі Сяргей Барушка.

У такіх умовах, пагатоў узімку, жыць, мякка кажучы, складана. Але ж у становішчы, у якое трапіў спадар Віталь, вінаватая не толькі бюракратычная машына. Валянцін Лазарэнкаў кажа:

«Так сталася – ніякіх дакументаў, чаму ён павінен мець, ці заяву ён паклаў ці не – ну, на жаль, нашыя грамадзяне, бывае, трапляюць у гэткія сітуацыі. Па-першае, ён павінен не вусна, як ён гэта рабіў, а ў пісьмовым выглядзе пакласці на стол у мясцовы савет і ў тую структуру, дзе ён працаваў, у саўгас, заяву аб тым, каб яны далі яму жытло».

Таксама спадару Віталю спатрэбіцца выпіска з працоўнае кніжкі, дзе пацверджаны ягоны саўгасаўскі стаж. Але нашаму герою пашанцавала: Валянцін Лазарэнкаў пастанавіў яму дапамагчы ды ўзяць папяровую працу на сябе. Калі пачаць працу ўжо цяпер, то Сакута мае ўсе шанцы сустрэць Новы год у годным жытле.

Ян Вярбіцкі belsat.eu