Зноў смерці кароваў. Кіраўніцтва кажа, паказнік па падзяжы ніжэйшы за нарматыў


Гэтым разам на Магілёўшчыне. Шакавальныя здымкі трапілі ў інтэрнэт, аднак у гаспадарцы, што месціцца ў Горацкім раёне, кажуць, што кадры старыя, а цяляты былі сфатаграфаваныя пасля ўскрыцця.

«Прыбраць камеру! Прыбярыце камеру!»

Гэтак нашую здымачную групу сустрэлі на малочна-гандлёвай ферме «Паршына» – той самай, пра якую шырока стала вядома напярэдадні.

«На якой падставе вы прыехалі на аб’ект?»

Фотаздымкі дохлых кароў, якія ляжаць у навозе, размясцілі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Адзін з відавочцаў гэткіх жудасных кадраў просіць звярнуць увагу на сітуацыю ды, цытата, «спыніць бязмежжа» кіраўніка комплексу Яўгена Арцёмавіча Хмуровіча. Апошні паразмаўляць з «Белсатам» адмовіўся.

«Тэлефон прыбярыце. Міліцыю выклікайце, Арцёмавіч!»

Што ж адбылося? Чаму мёртвыя каровы ляжаць побач з жывымі?

«Лекаў, можа, не даюць, каб пракалоць».

«Па 40 галоў маладняку здыхае штомесяц».

«Ва ўсялякім выпадку і людзі паміраюць, не кажучы ўжо пра каровы».

«У навозе стаяць пастаянна, там нічога не падсцілаюць. Я ж бачу: яны гару накладуць, а ніхто гэта не вывозіць», – распавядаюць жыхары в. Паршына.

Мясцовыя кажуць – справа ў кадрах: заробкі малыя, людзі з фермы сыходзяць. Даглядаць за жывёлай няма каму.

Выканальнік абавязкаў дырэктара Вучгасу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Янковіч тлумачыць, што жудасныя кадры былі зробленыя каля месяца таму, калі ветэрынар рабіў ускрыццё жывёлінаў:

– Чатыры цяля нарадзіліся мёртвыя, двое памерлі ад захворванняў.

– Мясцовыя казалі, што ажно па 40 цялят памірае штомесяц. Гэта праўда?

– Не, гэта няпраўда. У нас усе паказнікі па падзяжы скаціны ніжэйшыя за нарматывы.

Інфармацыя пра смерць жывёлінаў у айчынных гаспадарках за апошнія месяцы зʼяўляецца з заўважнай перыядычнасцю. Дастаткова ўзгадаць масавы падзеж свіней пад Рагачовам, смерць кароваў на Жлобіншчыне, а таксама ў Акцябрскім раёне.

«У нас 90 адсоткаў прадпрыемстваў ледзь зводзіць канцы з канцамі. Няма за што купіць тыя ж лекі ды нават заробак адмыслоўцам заплаціць», – тлумачыць Мікалай Лысянкоў, былы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Аднак дзе адное бязладдзе – там і іншае. Вось, да прыкладу, КСУП «Стрэшынскі» на Жлобіншчыне, пра масавую смерць кароваў у якім два тыдні таму паведамляў тэлеграм-канал Нехта.

А вось гэта – поле, якое належыць той самай стрэшынскай гаспадарцы. 250 гектараў зямлі параслі хмызняком ды некалькі гадоў застаюцца закінутыя. Мікалай Мірашнічэнка, былы трактарыст КСУП «Стрэшынскі»:

«Я еду да цешчы ў госці, гляджу на гэты бадыльнік… І ўсе едуць, смяюцца… Неяк шкада, што сельская гаспадарка памірае…»

Былы працаўнік гаспадаркі Мікалай Мірашнічэнка звяртаўся і ў Дзяржкантроль, і ў Жлобінскі райвыканкам, і ў пракуратуру. Выніку гэта не дало.

«Там, дзе крапіва, таксама ляжыць навоз. Яго ўжо не бачна. Кожную вясну яго мусяць раскідаць, угнойваць зямлю. Але ж вы бачыце – усё зарасло, палі пустыя…» – гаворыць былы працаўнік КСУП «Стрэшынскі» Віталь Грыцкоў.

Аднак там, дзе ступае нага кіраўніка Беларусі, каровы блішчаць, а палі даюць багаты ўраджай. Праз чатыры месяцы пасля скандальнага наганяю ад Лукашэнкі ў малочна-гандлёвым комплексе «Сліжы» на Шклоўшчыне журналісты парталу Tut.by прыехалі ў гаспадарку ды здзівіліся «жэстачайшым» парадкам, кажуць: ідэальна – хоць пастараль пішы!

Віталь Бабін, belsat.eu

Hавiны
«Ёсць каровы-неахайніцы» – у калгасе «Паршына» пракаментавалі страшныя здымкі кароваў
2019.08.01 17:41