Зноў працавала будаўнічая тэхніка і затрымлівалі актывістаў. Працяг «крыжалому»


Новы дзень – новае супрацьстаянне. Зранку ў Курапаты зноў прыехалі абаронцы мемарыялу, будаўнікі ды група сілавікоў.

Аднак дамовіцца не ўдалося. Як толькі абаронцы адышлі ў бок – працы працягнулі. А Ніну Багінскую і Паўла Севярынца – затрымалі. Прычым апошняга ў міліцэйскі бус адводзілі працаўнікі АМАПу.

Вячаслаў Сіўчык, рух салідарнасці «Разам»:

«Чарговыя затрыманні, якія пачаліся ў Курапатах 5-га красавіка, паказваюць, што чаго-чаго, а інтэлекту ў сённяшняй улады дакладна не хапае. Учора яны пабачылі рэакцыю ўсяго свету. І надалей, як нелюдзі, усё роўна хочуць крыжы з Курапатаў прыбраць».

І сапраўды. Пра тое, як у месцы масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад Менскам выкарчоўваюць крыжы, распавялі ў тым ліку і такія замежныя медыі, як «Бі-бі-сі» і «Ўошынгтан поўст».

Занепакоенасць на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» выказаў былы амбасадар Украіны ў Беларусі – Раман Бяссмертны. Сачыць за сітуацыяй ва ўрочышчы паабяцаў і старшыня польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы міністраў у Вашынгтоне. Асабіста ж у беларускім мемарыяле пабываў намеснік амбасадара Польшчы Марцін Вайцехоўскі.

Алег Пашкевіч, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Гэтага рабіць нельга было ні ў якім разе, гэта павіннае быць узгодненае з грамадскасцю і гэта не павіннае было рабіцца так брутальна і зневажальна для вернікаў і для любога чалавека».

Каб праводзіць працы ў мемарыяле са статусам гістарычна-культурніцкай каштоўнасці, Бараўлянскі спецлясгас, што апякуецца курапацкім лесам, меўся атрымаць дазвол у Міністэрства культуры. Падаць праектавую дакументацыю ды распавесці, на чыю замову ў Курапатах распачалі гэтак званае «добраўпарадкаванне», лясная гаспадарка адмаўляецца другі дзень запар.

Аляксандр Мірановіч, дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу:

– Юлія Ігараўна, прэс-цэнтр мінлясгасу.

– Ну Вы адказныя за правядзенне гэтых працаў.

– Яшчэ раз кажу. Прэс-цэнтр мінлясгасу. Усю інфармацыю, якая вас цікавіць, яны вам дадуць.

Аднак там на сувязь з нашым тэлеканалам ніхто не выйшаў. Атрымаць вусныя тлумачэнні не змагла нават дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Паводле яе, у Міністэрстве культуры ўчора зранку яшчэ не ведалі пра распачатыя ў Курапатах працы. Сёння яна накіравала пісьмовы запыт аб тлумачэннях у абодва ведамствы:

«Усё гэта патрабуе адмысловай працэдуры і ўзгаднення на правядзенне гэтых працаў, бо існуе закон аб ахове гістарычна-культурніцкай каштоўнасці, згодна з якім працы бурыльныя – а мы ўчора бачылі, што яны праводзяцца – увогуле забароненыя».

На думку актывістаў, працы ладзяць наўпрост на загад кіраўніка Беларусі. Таму выканаўцы старанна хаваюць інфармацыю аб дазволах на працы і аказваюць абаронцам супраціў.

Юлія Лабанава, belsat.eu