Зноў архітэктурны абсурд у Горадні. Вяртанне Чапаева


У Горадні да нядаўна стаяў помнік Васілію Чапаеву. Вось толькі чырвоны камандзір ніколі не быў не тое што ў Горадні, а нават і ў Беларусі. Сёння ён вядомы пераважна з анекдотаў або з савецкага кінафільму. Але ў Горадні бюст яму рэстаўруюць. Ці мае сэнс такое аднаўленне? Ірына Дарафейчук.

Яшчэ паўтара тыдня таму на гэтым пастаменце ў гістарычным цэнтры Горадні стаяў бюст Васілія Чапаева. Шмат хто з гарадзенцаў паспеў узрадавацца, што героя грамадзянскай вайны ў Расеі, які не мае дачынення ні да Горадні, ні да Беларусі, прыбралі. Ужо нават прыдумалі, кім яго можна было б замяніць.

«Быкаву, так, я думаю, варта помнік паставіць».

«Саяпіну Віктару Юр’евічу, які напісаў цэлую гісторыю Горадні, гарадзенскай мытні. Гэта наш краязнаўца».

«Ёсць шмат пісьменнікаў, ёсць артысты, ёсць спартоўцы», – лічаць жыхары Горадні.

Але аказалася, што чырвонага камандзіра знялі ненадоўга – пасля рэстаўрацыі бюст вернуць на ранейшае месца. Актывісты сабралі ўжо больш за дзвесце подпісаў за тое, каб Чапаева перадалі ў музей, а на яго месцы паставілі помнік гарадзенскаму паэту Міхасю Васільку. Тым больш, што і былая вуліца Чапаева носіць цяпер ягонае імя.

«Безумоўна, Васілёк – адзін з беларускіх паэтаў часоў міжваеннай Польшчы, які нарадзіўся ў наваколлі Горадні, які пісаў вершы, які быў вельмі папулярны – мой бацька распавядаў мне, што ў дзяцінстве вучыў вершы Васілька – напэўна, ён заслугоўвае не толькі вуліцы, на якой нейкі час жыў, але і помніка», – распавядае Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гістарычных навук.

Спробы замяніць помнік, ніяк не звязаны з беларускаю гісторыяй, рабіліся і раней. У 2010-ым гарадзенскія маладафронтаўцы ўначы патаемна перайменавалі Чапаева ў генерала Асобнага атраду БНР Станіслава Булак-Балаховіча. Алесь Кіркевіч, журналіст і літаратар, распавядае:

«З прычыны вонкавага падабенства і таму, што Балаховіч наш герой, а Чапаеў – ні стасунку да нашай бацькаўшчыны не мае, ні маральных нейкіх якасцяў, якія былі б вартыя таго, каб ставіць яму помнік».

Табліца з прозвішчам Булак-Балаховіча і гадамі ягонага жыцця правісела тады на пастаменце некалькі дзён. Сам бюст Чапаеву мастацкай вартасці не мае, сцвярджаюць гарадзенскія краязнаўцы. Аўтар яго невядомы, а прывезлі бюст, паводле гарадской легенды, з Украіны разам з нейкім іншым помнікам. Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гістарычных навук:

«Там, дзе выраблялі замову, гарадзенцаў абавязалі набыць яшчэ адзін «у нагрузку». І гэтым помнікам быў бюст Чапаева, які адлівалі паводле агульных лякалаў, то бок ён быў чарговай штампоўкай».

Пры канцы мінулага года ў Горадні адрэстаўравалі помнік ідэйнаму рэалізатару і кіраўніку «чырвонага тэрору» Феліксу Дзяржынскаму, а яшчэ раней – украінскаму чырвонаму камандзіру Мікалаю Шчорсу, які таксама, як і Чапаеў, дачынення да беларускай гісторыі не мае. Некаторыя гарадзенцы чакаюць, што і Чапаеў вернецца на ранейшае месца. Чаму?

«Няхай людзі памятаюць гэтых людзей, што калісьці ваявалі, як яны лічылі, за народную справу, за народную ўладу савецкую».

«Гісторыю павінны ведаць усе і памятаць усе».

Але існаванне ў нашых гарадах такіх помнікаў, між іншага, спрыяе таму, што беларусы часам лепш памятаюць і ведаюць не сваю гісторыю.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu