Аб'ектыў 06.08.2018 Зніклы ўлетку беларускі цэмент прадаюць суседзям танней, чым сабе


Хопіць усім – і сваім, і замежнікам. Улады рапартуюць пра тое, што ўрэгулявалі цэментавы крызіс. Паводле міністра архітэктуры і будаўніцтва, беларускі цэмент, які амаль знік з продажу на пачатку лета – ізноў пастаўляецца на ўнутраны рынак, больш за тое, цэменту хопіць і на продаж за мяжу. Чаму быў дэфіцыт і чаму замежнікі наш цэмент набываюць па меншых коштах, чым самыя беларусы?

Лета ізноў наступіла нечакана. Сёлета ў чэрвені ды ліпені Беларусь ужо каторы год зазнала дэфіцыт цэменту і будаўнічых матэрыялаў.

Дэфіцыт традыцыйна прыпадае на канец вясны ды пачатак лета, калі ў Беларусі пачынаецца пік будаўнічай актыўнасці. Цэмент айчыннай вытворчасці, на пачатку лета, было знайсці вельмі цяжка, распавядае Андрусь Козел, які акурат будуе ўласны дом пад Менскам.

«Я сутыкаўся толькі адзін раз, калі спрабаваў замовіць бетон у дзяржаўнай кампаніі. Было вялікае маё здзіўленне, што мне сказалі», – распавядае прыватны забудоўнік Андрусь Козел.

Цалкам цэмент не знік. Прынамсі ў вялікіх гарадах. Каб задаволіць ажыятажны попыт, аптавікі пачалі актыўна імпартаваць яго з Расеі ды Украіны, але паднялі на яго кошты прыблізна ўдвая.

«Больш якасны цэмент я бачыў у продажы толькі расейскі, украінскі… што трошкі мяне здзіўляе. Гэта, я маю на ўвазе той, што рассыпаны ў дробныя мяхі па 25-50 кілаграм», – кажа Андрусь.

Адметна, што ў гэты самы час беларускія вытворцы працягвалі пастаўляць у гэтыя краіны сотні тысячаў тонаў беларускага цэменту. Прычым, паводле ўдзельнікаў рынку, – значна танней, чым ён цяпер каштуе на ўнутраным рынку. Афіцыйны Кіеў нават распачаў антыдэмпінгавае расследаванне супраць беларускіх цэментавых заводаў, закідаючы ім продажы, ніжэйшыя за сабекошт.

«У гэтым і заключаецца найвялікшая маркеталагічная асаблівасць Беларусі. Мне прыходзілася купляць у Расеі ровар, вытворчасці Менскага велазаводу танней, чым у Менску адсоткаў на 30. Цукар беларускі вы можаце купляць у Расеі танней, чым у Беларусі», – распавядае эканаміст Леанід Заіка.

Агульная магутнасць беларускіх цэментавых заводаў – большая за 8 мільёнаў тонаў. Каля 4 мільёнаў ідзе на ўнутраны рынак. Яшчэ больш за паўтара мільёна – на экспарт. То бок заводы, гіпатэтычна, могуць вырабляць яшчэ два з паловаю мільёны. Але праблема ў тым, што вытворчасць гэтая – стратная. Летась, напрыклад, «Краснасельскбудматэрыялы» спрацаваў са стратаю больш чым на 100 мільёнаў рублёў. Сёлета завод здолеў павялічыць вытворчасць толькі пасля таго, як, у сярэдзіне ліпеня, урад адтэрмінаваў яму плацяжы банкам і дастаўцам на больш як 300 мільёнаў рублёў.

«Яны ўсе – і расейскія, і нашы, яны дастаткова залежаць ад кошту на паліва. Ад цаны на газ, перадсуім, бо шмат электраэнергіі патрабуецца. Ну, і ўзнікла сітуацыя: ёсць грошы – вырабляецца. Няма грошай – на газ, перадусім – спыняюцца ці зніжаюцца аб’ёмы вытворчасці», – кажа Леанід Заіка.

Беларусь мае тры цэментавыя заводы. У сярэдзіне нулявых цікавасць да іх выказваў найбуйнейшы ў свеце вытворца цэменту – французская кампанія «Ляфарж» – і шэраг іншых высокатэхналагічных еўрапейскіх інвестараў. Замест гэтага Аляксандр Лукашэнка вырашыў інвеставаць у іх мадэрнізацыю мільярд долараў бюджэтных і пазычаных грошай. Пасля заканчэння мадэрнізацыі гэтыя цэментавыя заводы працягваюць з’ядаць сотні мільёнаў долараў дзяржаўнай падтрымкі.

Сёлета Менск наважыўся прадаць палову Краснасельскага заводу ірландцам – за 200 мільёнаў долараў. Апытаныя намі адмыслоўцы, аднак, мяркуюць, што прыватызацыя адбываецца занадта павольна, каб стабілізаваць фінансы беларускай прамысловасці да наступнага крызісу.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары