Зніклага ў Камянецкім раёне хлопчыка знайшлі нежывым


Хочам знайсці, знойдзем. З такім настроем каля сотні добраахвотнікаў з усёй Беларусі шукалі сёння двухгадовага Ваню Валошына ў вёсцы Любашкі Камянецкага раёну.

«У мяне ў самога трое дзяцей. Маленькае дзіця згубілася – я не мог застацца збоку. Тым больш у мяне выходныя, я і прыехаў», – кажа Андрэй Ківатыцкі, добраахвотнік з Бярозы.

Hавiны
У Камянецкім раёне знайшлі цела Вані Валошына
2019.04.13 19:13

Знайшлі хлопчыка нежывым, пацвердзіў кіраўнік пошукава-выратавальнага атраду «Анёл», які каардынаваў акцыю. Дасведчаныя шукальнікі цягам дня даследавалі наваколле квадрат за квадратам.

«Тут ёсць кінолагі, якія цяпер працуюць разам з пошукавымі групамі, ёсць абсталяванне дапаможнае, якое можа больш дакладна праводзіць гэтыя мерапрыемствы і фіксаваць перамяшчэнні пошукавых групаў з высокай дакладнасцю, каб гэтую інфармацыю можна было перадаць аператыўнікам», – гаворыць кіраўнік пошукава-выратавальнага атраду «Анел» Сяргей Коўган.

Адмысловец адзначыў, што пошукамі ахапілі тэрыторыю ў некалькі разоў большую, чым фізічна магло адолець двухгадовае дзіця. На месцы працаваў таксама Следчы камітэт і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Hавiны
Прыкметаў гвалтоўнай смерці Вані Валошына няма
2019.04.13 22:03

18-гадовая жыхарка вёскі Любашкі паведаміла пра знікненне маленькага сына 10-га красавіка. Сваякі зніклага меркавалі, што дзіця маглі скрасці, нібыта хлопчыка бачылі ў чыёйсьці чужой машыне.

«Каля крамы, напэўна, яго забралі: ці ўкралі, ці што», – кажуць яны.

У сям‘і Валошыных было чацвёра дзяцей, зніклы Ваня – быў трэцім дзіцём, у траўні яму споўнілася б два гады. Бацька працуе жывёлаводам, маці даглядае дзяцей. Суседзі на сям’ю не наракаюць.

«А як сям’я? Не пілі яны?» – «Не-не, не скажаш, не пілі. І свінні ў іх ёсць, і купляюць, і дзверы ўставілі жалезныя. Я не скажу, што яны абы-што, і ніхто не скажа», – кажа жыхарка вёскі Любашкі Вера Магірка.

Hавiны
«Мы ўсе шакаваныя». Версіі знікнення 2-гадовага хлопчыка на Берасцейшчыне, якога шукаюць ужо два дні
2019.04.12 14:43

Вёска Любашкі – тупіковая і занядбаная, старажылаў тут засталося – з дзясятак сядзібаў. Пустыя хаты гараджане выкарыстоўваюць як лецішчы, яшчэ на дзясятку падворкаў вялікімі семʼямі жывуць цыганы.

«Тупіковая вёска, тут чужых не бывае. Прыязджаюць толькі свае, і тое рэдка, паглядзець хаты, праверыць сядзібы, каб не зарасло штосьці там», – кажа Людміла Клюева, дачніца.

Знікненне Вані Валошына, на жаль, не адзінае ў ваколіцах Белавежскай пушчы. У верасні 2017-га ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёну знік 10-гадовы Максім Мархалюк. Яго пошукі працягваюцца да гэтага часу, хлопчыка абвесцілі ў міжнародны вышук.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»