Знакамітыя Еўрапейскія гульні, пра якія ніхто не ведае


Распачынаецца прома-кампанія Еўрапейскіх гульняў-2019, якія адбудуцца ў Менску. Для спартоўцаў падзея мае стацца «падрыхтоўкай да летняй Алімпіяды ў Токіа». А для нашай краіны яна ўжо сталася падзеяй іміджавай. Разрэкламаваная ў Беларусі, але ці вядомая еўрапейцам?

80 тысяч турыстаў прывёў у Беларусь Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Еўрапейскія гульні ў Менску называюць рэпетыцыяй Алімпіяды, але чакаюць толькі 30-ці тысяч наведнікаў з замежжа. Ахвочых распачынаем шукаць у Заходняй Еўропе.

«Нічога не чуў пра гэтыя гульні, наагул не разумею, пра што Вы гаворыце. Можа, Вы мне распаведзяце пра іх?»

«Я нічога не чуў пра гэтыя гульні, але я люблю Беларусь, я вельмі люблю Менск. Беларусь стане вялікай, так!»

«Еўрапейскія гульні? Не, гэта не вельмі для мяне цікава», – кажуць жыхары Бруселю.

На еўрапейскіх радыё і тэлебачанні пра Еўрапейскія гульні не чуваць. Няма і вонкавай рэкламы. Праз мяжу інфармацыя пра падзею едзе цягнікамі міжнародных лініяў… Да прыкладу – у еўрапейскую Польшчу.

«Не, нічога такога не чула».

«Я карыстаюся з інтэрнэту, але мне яшчэ не трапіла на вока гэтая падзея», – гавораць жыхары Варшавы.

Здавалася б, мае сэнс прамаваць падзею ва Украіне, з якою прынамсі не маем моўнага бар’еру…

«Можа гэта проста нейкія спартовыя гульні, спаборніцтвы.

– Яны ўжо ў другі раз будуць праводзіцца ў Беларусі. Ці паехалі б?

– Не паехаў бы, гэта таталітарная краіна. Там «бацька» Лукашэнка толькі бульбу вырошчвае. Няма чаго там рабіць», – лічыць жыхар Кіева.

Спартовую падзею ў амбасадах Беларусі, дзе нельга рабіць здымкаў, рэкламуюць ангельскамоўныя банеры! Але ж гэта ўнутры будынкаў! Гэтак і ўнутры краіны – пра імпрэзу ўзгадванняў шмат. Пытанне, хто будзе набываць квіткі на турнір, які агулам мае каштаваць 72 мільёны долараў?

«Нядаўна прэм’ер-міністр Румас заявіў, што спонсары не ідуць, хоць да гульняў засталося некалькі месяцаў. Мы яшчэ не маем тых, хто сапраўды меўся б фінансаваць гэтыя гульні», – звяртае ўвагу Аляксандр Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату».

Калі спонсараў шукаюць гэтаксама, як турыстаў, то аплочваць падзею – падаткаплатнікі. Частка грошай ужо пайшла на аднаўленне асноўнай арэны – стадыёну «Дынама». Пляцоўка раз-пораз выкарыстоўваецца пад розныя мерапрыемствы. Але сёлетні «Дзень Волі» туды не пусцяць…

«Навошта вы лезеце на стадыён «Дынама»? Вы ведаеце, гэта нават асабістая абраза для мяне! Вы ведаеце колькі я ўклаў у рэканструкцыю гэтага стадыёна, збіраючы па крупінах грошы?», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Такое ж неабгрунтавана трапёткае стаўленне ў Лукашэнкі да саміх спаборніцтваў.

Першыя гульні адбыліся ў Баку ў 2015 годзе. Увага да іх была невялікай. Гэтак і ў выпадку Менску – ліцэнзію на тэлетрансляцыю запрасілі толькі 2 кампаніі. Хоць спартовы статус выглядае на высокі: больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краінаў. У 10 дысцыплінах раздадуць пуцёўкі на Алімпійскія гульні ў Токіа, а ў 4-х – тытул чэмпіёну Еўропы.

«Паспаборнічаць прыедуць тыя, у каго мала спаборніцтваў у календары ў гэтым годзе, але безумоўна будуць вядомыя ў Менску імёны», – кажа Аляксандр Пуціла.

Складу дэлегацыяў пакуль ня ведаем, а таму і канкрэтнага спартовага шоу прапанаваць наведнікам не можам.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: REUTERS / Stoyan Nenov / Forum