«Знаходзіць час і прыязджаць!» У Казіміраўцы адгрымела «Ноч танцаў»


Танчылі ўсю ноч да самае раніцы. У Казіміраўцы пад Горадняй у трэці раз зладзілі фэст традыцыйных скокаў. Сёлета імпрэза сабрала паўтары сотні ўдзельнікаў, сярод іх нямала замежных гасцей.

Полькі, вальсы, факстроты, абэркі ды мазуркі. Мінулай ноччу ў падгарадзенскай Казіміраўцы грымела ад традыцыйных скокаў.

«Магчымасць зрабіць гэта на тэрыторыі бязвізавай Гародні, мне падаецца, – найлепшы варыянт для ўсіх», – кажа музыка Андрэй Бароўскі, арганізатар «Ночы танцаў».

І сапраўды, на імпрэзу папрыязджалі госці з памежных Літвы і Польшчы.

«Я ўжо трэці год займаюся фальклорнымі танцамі. Мне падабаецца па ўсім свеце браць розныя ідэі», – кажа Павел, які прыехаў з-пад Салечнікаў.

«Ужо больш за 5 гадоў займаюся беларускай культурай, перадусім танцамі. Вядома, я не магла прапусціць такой імпрэзы», – зазначае полька belsat.eu.

Былі госці і з далейшага замежжа. Напрыклад, Ігар з Масквы:

«Вельмі высокая якасць, якасць у сэнсе танцу. Гэта вельмі важна. Вось гэта ўсё, яно падкупляе. Яно прымушае цябе знаходзіць час у свае выходныя, купляць квіткі, прыязджаць».

Ноччу перад сабранымі выступіла 7 музычных калектываў з Беларусі, Латвіі, Польшчы ды Расеі. Слухачам жа адразу патлумачылі: умееш – пачынаеш танчыць, не ўмееш – станавіўся ў кола і вучыся.

«Гэта яшчэ адчуванне каранёў і сваёй традыцыі, адчуванне сваёй зямлі, хаця я ніколі ў дзяцінстве не танчыла традыцыйных танцаў, і мяне гэта вельмі здзіўляе, але заўжды такое адчуванне, што ва мне быў гэты рытм», – кажа Марыся, удзельніца з Беларусі.

Адчуць жа такое можна будзе яшчэ не раз. Арганізатары збіраюцца працягваць традыцыю начных танцаў.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu