Зміцер Паліенка на волі, але плануе абскардзіць рашэнне суда


Сем месяцаў зняволення, кроў у судзе і адмена большасці абвінавачанняў. Працэс над актывістам анархісцкага руху Змітром Паліенкам скончыўся.

Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, але вырак – абмежаванне волі паводле месца жыхарства, гэтак званая хатняя хімія. Праваабаронцы кажуць пра відавочную палітызаванасць працэсу.

Месяц цягнуўся разгляд справы Змітра Паліенкі ў Менскім гарадскім судзе. Сёння пасля сямі месяцаў за кратамі анархіста вызвалілі ў зале суда. Прысуд – тры гады «хатняй хіміі», падпіска аб нявыездзе і прымусовае лекаванне ад алкагалізму.

«Цяпер я на волі разам з вамі толькі дзякуючы вам і вашай падтрымцы. Калі б не ваша падтрыманне, мне б у любым выпадку далі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Аднак, як я раней казаў, суд мяне не апраўдае ніколі, таму што ў Беларусі правасуддзе не працуе», – кажа Зміцер Паліенка.

Улічваючы год амністыі ды час, праведзены ў ізалятары, Змітра Паліенку чакае 10 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію. Каб дамагчыся адкрытых судовых паседжанняў, маладзён спрабаваў парэзаць сабе жылы. Пасля гэтага з чатырох абвінавачанняў застаўся толькі «хуліганскі артыкул». Суддзя Пётр Арлоў прызнаў яго вінаватым за тое, што ён распыліў у твар мужчыну пярцовы балончык. Паліенка тлумачыў гэтае дзеянне абаронаю.

«У мяне няма сумневу, што рашэнне мела палітычны падтэкст, і што справа вырашалася не ў будынку Менгарсуда. Ён асуджаны, ён прызнаны вінаватым – і гэта, канечне, няправільна. Але з другога боку, тое, што ён на волі, ёсць вынікам сумесных намаганняў і беларускай грамадскасці ды праваабаронцаў, і міжнароднай супольнасці, што вельмі важна», – адзначае праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Зміцер Паліенка плануе абскарджваць рашэнне суда, бо не згодны з тым, што яго прызналі зацятым хуліганам і хворым на алкагалізм. Пасля вызвалення анархіст збіраецца працягваць грамадскую дзейнасць.

Ірына Дарафейчук belsat.eu