Змены ў Правілах дарожнага руху дадуць больш правоў раварыстам


Палепшыць жыццё раварыстаў, не парушаючы правоў іншых. Ці гэта магчыма? Улады рыхтуюць змены ў Правілы дарожнага руху, патрэбу дыктуе ў тым ліку рост разнастайнасці ды колькасці ўдзельнікаў гэтага самага руху.

Юрый Гушча, роварны сэрвіс «Ігуана»:

«Колькасць раварыстаў вырасла ў разы. Гэта радуе, безумоўна, бо ўсё пачыналася класічна: горныя ровары. Цяпер жа разнавіднасцяў ровараў значна больш».

Адсюль і цэлы шэраг непаразуменняў. Да старых як аўта канфліктаў паміж кіроўцамі ды пешаходамі ўсё часцей далучаюцца тыя, хто аддае перавагу экалагічнаму транспарту.

«На некаторых участках у нашым горадзе проста немагчыма рухацца – па тратуарах. Даводзіцца рухацца па праезджай частцы. Кіроўцы сігналяць, пратэстуюць, хочуць неяк падкалоць», – распавядае Аляксандра, раварыстка з Горадні.

Асабліва раздражняюць кіроўцаў сітуацыі, калі на пешаходных пераходах раварысты не спешваюцца, а праязджаюць, не злазячы з седала.

Аляксандр Фядотаў, старшыня аб’яднання «Велагорадня»:

«І такія выпадкі найбольш за ўсё запамінаюцца. То бок, можа, сто раварыстаў праехаць праз дарогу, і іх ніхто не заўважыць. А адзін выскачыць пад колы, і яго ўсе заўважаць, і ўсе запомняць».

І плануецца, што новыя правілы такі стыль язды замацуюць.

Яны маюць дазволіць раварыстам не спешвацца на рэгуляваных пешаходных пераходах. Па-другое, роварная сцежка можа быць абазначаная разметкай, а не толькі выключна канструктыўна, як прапісана ў правілах цяпер. Пры гэтым пры наяўнасці пешаходнай ды роварнай паласы пешаходы павінны будуць ісці толькі па пешаходнай.

Ну і, вядома ж, абавязковае выкарыстанне флікераў пры руху за горадам: летась на Гарадзеншчыне загінулі 8 раварыстаў, 7 з іх ехалі за горадам у цёмны час.

А што прапаноўваюць гарадзенцы? На якія яшчэ праблемы звяртаюць увагу?

«У Беларусі не так шмат роварных сцежак, таму хацелася б мець магчымасць праехаць па праезджай частцы».

«Нейкія лесапаркавыя зоны, напрыклад, дзе можна ездзіць на роварах».

«Звычайная сітуацыя, калі высокія бардзюры, даводзіцца пастаянна скакаць, вузкія тратуары, якія даводзіцца дзяліць разам з пешаходамі».

Сёння ў той жа Горадні, паводле парталу velobelarus.com, ёсць восем роварных сцежак агульнаю працягласцю амаль 19 кіламетраў.

Сяргей Нікулін, стваральнік штогадовага веламарафону «Суседзі»:

«Роварныя сцежкі сталі зʼяўляцца ў тым ліку і ў новых раёнах, напрыклад, у Альшанцы. Наколькі яна правільна зробленая ці не – не ведаю, я там даўно не быў. Аднак хоць нейкія намёкі, што нешта змяняецца ў лепшы бок, сталі зʼяўляцца».

Уласна змены ў Правілы дарожнага руху пасля грамадскага абмеркавання мусяць яшчэ прайсці ўзгадненне ў дзяржаўных органах. Ці будзе законапраект прыняты сёлета, у Міністэрстве ўнутраных справаў казаць пакуль не бяруцца.

Віталь Бабін, belsat.eu