Змены ў Крымінальны кодэкс: за абразу ў інтэрнэце – турма


Мацней караць, больш штрафаваць, турма за паклёп і абразу – жыць неўзабаве будзем паводле новых законаў. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў змены ў Крымінальны кодэкс, вынесеныя на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Улады гатовыя рэфармаваць жыццё беларусаў. Прынамсі… крымінальнае. Савет Міністраў падрыхтаваў і ўнёс на разгляд у парламент праект зменаў у Крымінальны кодэкс краіны. Сярод прапановаў – і дастаткова рэзанансныя. Гэтак, плануецца замяніць штрафам крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Менавіта гэты найбольш палітызаваны артыкул кодэксу актыўна выкарыстоўваўся, да прыкладу, для рэпрэсіяў супраць актывістаў «Маладога фронту».

Зрэшты, як цвердзіць лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч, ад цяперашняй палёгкі яму ані горача, ані халадно. Пагрозу крымінальным артыкулам за сваю дзейнасць маладафронтаўцы прынцыпова ігнаравалі і раней.

«Рэжым жа кіруецца логікай, як знішчыць усялякае іншадумства, а не як яго там падтрымаць. Таму палёгка гэтая з’явілася толькі цяпер, калі стала зразумела, што сэнсу ў гэтым артыкуле Крымінальнага кодэксу абсалютна няма: яго ўсё адно нельга прымяніць», – кажа лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.

Таксама ў асобную катэгорыю дзяржаўных здраднікаў выносяцца вайскоўцы і службоўцы, якім замест дзесяці цяперашніх будзе пагражаць да дваццаці гадоў зняволення. Паводле вайсковага эксперта Андрэя Паротнікава, улады Беларусі спрабуюць вучыцца ўсё-ткі на чужых памылках ды абапіраюцца на досвед Украіны, дзе ў 2014-м годзе назіраліся выпадкі масавай здрады сілавікоў. А таму хоць захада і затрымалася ў часе, але, як той казаў, лепш позна, чым ніколі.

«Варта нагадаць, што толькі за мінулы год на ўзроўні раённых выканаўчых органаў адбылося больш за сто візітаў дэлегацыяў у Расейскую Федэрацыю. Фармальна яны былі звязаныя з пытаннямі развіцця гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Але хто ведае, што там адбывалася за зачыненымі дзвярыма, каму што прапанавалі і каго чым спакушалі», – кажа кіраўнік «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Прапаноўваецца і змякчэнне адказнасці за распаўсюд наркотыкаў. Дагэтуль за гэта саджалі на 5–8 гадоў, а ў складзе групы – на 8–15. Зараз жа мінімальнае пакаранне хочуць знізіць да трох і шасці гадоў, адпаведна. Між тым радасці ў сваякоў асуджаных паводле наркатычных артыкулаў прапанаваныя змены не выклікаюць.

«Вядома, калі б была зніжаная яшчэ і верхняя планка тэрміну, то тады, напэўна, гэта прынесла б больш карысці. Таму што шмат было б хлапцоў… Ёсць жа, каторыя сядзяць не толькі з найніжэйшай мяжой тэрміну восем гадоў, а ёсць і тыя, хто атрымаў адзінаццаць, дванаццаць і пятнаццаць!», – лічыць Ларыса Жыгар, стваральніца руху «Маці 328».

Яшчэ адна прапанова – дазволіць следчыя дзеянні без удзелу прысутнікаў (панятых), але з абавязковым аўдыё- і відэазапісам. Вось толькі галоўным чыннікам тут нязменна застаецца добрасумленнасць уласна следчага, заўважае юрыст Павел Сапелка. Да прыкладу, у часе ператрусу аўдыё- і відэаздымку можна наладзіць гэткім чынам, каб яна фіксавала толькі частку нейкага памяшкання, а што будзе адбывацца па-за кадрам – застанецца невядомым. І тады…

«Пераводзіць кадр на знойдзены прадмет, што будзе істотна зніжаць якасць доказаў. Гэта з аднаго боку. Але з іншага боку, можна гэтаксама ж адцягнуць увагу панятога і здзейсніць нейкі супрацьпраўны чын – нешта падкінуць, падкласці», – мяркуе юрыст Павал Сапелка.

То бок якімі б рэфарматарскімі ні былі намеры заканадаўцаў, пакуль перад законам у нашай краіне не стануць роўныя насамрэч усе, зменаў да лепшага чакаць марна.