Аб'ектыў 29.05.2019 Змены ў антыдармаедскі дэкрэт: сужэнцы чыноўнікаў міждзяржаўных органаў – больш не дармаеды


Няма мяжы дасканаласці. Дэкрэт аб дармаедах яшчэ дапрацавалі. Змены ў скандальную пастанову аб незанятых у эканоміцы ўнёс прэм’ер-міністр. У абноўленым дэкрэце прадугледжваецца адказнасць за недакладную інфармацыю.

Змаганне з гэтак званымі дармаедамі працягваецца, але з новымі выняткамі. Сёння ўступілі ў сілу чарговыя змены ў рэзанансны закон.

«Гэта проста такое, ведаеце, недзе ў кагосьці сябар, кум, брат, сват, які змог пралабіяваць вось гэтыя інтарэсы, бо сапраўды Беларусь сёння – краіна, якая развівае свае дыпламатычныя адносіны», – каментуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Папраўкі выключаюць са спісу незанятых у эканоміцы сужэнцаў чыноўнікаў у міждзяржаўных органах, а таксама сужэнцаў вайсковых аташэ і іхных памочнікаў. Выпісаць з базы дармаедаў змогуць таксама і тых грамадзянаў, якія прынясуць адпаведныя дакументы ад сваіх замежных працадаўцаў. Новая папраўка ад Саўміну, можа, і дасць нейкую палёгку людзям, аднак усё гэта не змяняе самага галоўнага.

«Дэкрэт як быў, так і застаецца антыканстытуцыйным. Груба парушае правы грамадзянаў. Людзі маюць права не працаваць – паводле Канстытуцыі», – адназначна кажа юрыст Алег Волчак з «Прававой дапамогі насельніцтву».

Зусім нядаўна мы паведамлялі пра шакавальны выпадак з Бабруйску, калі жанчыне не далі бальнічнага з нагоды хваробы дзіцяці, бо ейны муж быў на заробках у Польшчы:

«Я сказала, што муж працуе за мяжой. Тады лекар сказаў, што мы вам даведку не дамо», – засведчыла жыхарка Бабруйску Алеся Гарбаценка.

Ад сёння Савет Міністраў таксама ўвёў персанальную адказнасць для старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму за інфармацыю ў базе незанятых у эканоміцы. Праўда, як гэтыя чыноўнікі будуць адказваць, у пастанове не прапісалі.

«Персанальная адказнасць у нас як правіла існуе толькі ў заявах высокіх асобаў, калі там пагражаюць, ай-ай-ай!», – кажа Наталля Рабава са Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

І дадае, што не бачыць эканамічнага сэнсу ў новаўвядзеннях. Зрэшты, і сам кіраўнік краіны яшчэ два гады таму пасярод недармаедскіх пратэстаў прызнаваў, што дэкрэт быў падпісаны зусім з іншаю матывацыяй:

«Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае». (09.03.2017)

Паводле дэпутаткі Ганны Канапацкай, адзіным добрым развязаннем была б поўная адмена антыдармаедскага дэкрэту:

«Хопіць дзяржаве ўмешвацца ўва ўсё паўсюль. Стварайце ўмовы для таго, каб чалавек мог працаваць. Для таго, каб чалавек мог зарабляць. Для таго, каб чалавек хацеў плаціць падаткі. Зрабіце адкрытым бюджэт рэспубліканскі, мясцовы, раённы».

Але ніякіх дзеянняў у гэтым кірунку не вядзецца. Мы ж запыталі ў жыхароў Віцебску, а каго яны лічаць дармаедамі?

«Напэўна, усё ж такі нашых чыноўнікаў. Мне падаецца, усё, што яны робяць, – гэта своечасова ківаюць галавой».

«Студэнтаў многіх факультэтаў, бо не хочуць вучыцца».

«Дармаедаў? Тых, хто не хоча працаваць. Няхай едуць у калгас».

У мінакоў нашае пытанне выклікала альбо абурэнне, альбо жарты. Але хіба законы дзеля смеху пішуць?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары