Змаганне з падземным паркінгам: ці менчукі перамогуць у судзе чыноўнікаў?


Будаўніцтва падземнага паркінгу пад вокнамі жылога дому – не парушэнне. Гэткі адказ з адміністрацыі гораду атрымалі жыхары шматпавярховіка па вуліцы Розы Люксембург у сталіцы. Факты парэнняў яны спрабавалі давесці адказным чыноўнікам ужо не адзін год, але не атрымаўшы падрымкі – звярнуліся ў суд.

Гады змагання супраць паркінгу пад вокнамі жылога дому ў Менску не далі плёну: Менгарвыканкам пісьмова паведаміў жыхарам, што парушэнняў не выяўлена. Будоўля працягваецца, але жыхары заяўляюць, што намераныя і надалей адстойваць свае правы.

Нормы санітарнай, экалагічнай, пажарнай бяспекі, адсутнасць дзіцячых пляцовак і пад’ездаў да дому – толькі частка парушэнняў, з якімі ідзе будаўніцтва падземнага паркінгу, кажуць жыхары. Гэтаму атрымалі пісьмовыя пацверджанні з розных наглядных дзяржаўных інстанцыяў, аднак сталі закладнікамі ўсёдазволенасці кампаніі-забудоўніка – акцыянернага таварыства «Лект» – і спрыяння з боку гарадскіх уладаў.

«Гэты ліст без слёз чытаць нельга: што ні радок – то парушэнне. І пішацца ў асноўным аб праекце самога паркінгу і ні слова не пішацца пра парушэнне нашых грамадзянскіх правоў – права на бяспечны асяродак жыцця», – кажа жыхарка дому Тамара Спіжарная.

Змаганні супраць падземнага паркінгу, які будуецца за лічаныя метры ад сценаў дому, жыхары вядуць 8 гадоў. За гэты час актывісты вывучылі ўсе патрэбныя санітарныя і будаўнічыя нарматывы, пасля іхных скаргаў будову прыпынялі. Спыніць яе цалкам спадзяваліся пасля сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму гэтым летам, аднак спадзяванні не апраўдаліся: улады сталі на бок забудоўнікаў.

«Закон аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці носіць дэкларатыўны характар, і шмат якія ягоныя нормы спасылаюцца на іншыя нарматыўныя дакументы. Гэта дае магчымасць чыноўнікам прыкрывацца нейкімі тэхнічнымі нарматыўнымі актамі ды пастановамі і рабіць розныя забудовы. І гэта ўскладняе жыхарам магчымасць адстойваць свае правы», – тлумачыць актывіст кампаніі «Горад для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.

Подпісы пад скаргамі на парушэнні і патрабаваннямі забяспечыць годныя ўмовы жыцця паставілі больш за 300 жыхароў дому. Але ўлады да менчукоў не прыслухваюцца, кажа палітык і лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які дапамагае жыхарам іншага сталічнага раёну змагацца з ушчыльненнем:

«Тыя, хто кіруе горадам, не прыслухоўваюцца да людзей, бо яны ведаюць, што будуць адказваць не перад людзьмі, якія іх выбіраюць, а перад чыноўнікамі, якія іх прызначаюць. Відавочна, што ёсць і бізнес-інтарэсы, карупцыйная схема, бо немагчыма прымаць рашэнне з відавочнымі парушэннямі заканадаўства, пра якія гавораць людзі, і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».

Цяпер жа слова за Фэмідай. Актывісты супраць будаўніцтва падземнага паркінгу на вуліцы Розы Люксембург падрыхтавалі два пазовы ў суд: супраць кампаніі-забудоўніка «Лект», а таксама Дзяржбудэкспертызы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Аб’ектыў
Менчукі супраць падземнага паркінгу і змовы чыноўнікаў
2019.05.14 22:23