Злітыя планы расейскай выведкі


Расейскае выданне The Insider не адзін раз расследавала і публікавала інфармацыю, нязручную для Крамля, якая потым знаходзіла пацверджанне.

Цяперашняя публікацыя «План Б» заснаваная на злітай перапісцы кіраўніка Упраўлення прэзідэнта Расеі ў міжнародных і культурных сувязях генерала Службы знешняй выведкі Уладзіміра Чарнова. Сярод дакументаў – вераснёвая «Стратэгія працы ў Рэспубліцы Беларусь», дзе прапаноўваецца атрымаць уплыў над новымі палітычнымі сіламі Беларусі, перадусім апазіцыяй, стварыць грамадска-палітычны рух, з якога выйдзе 1200 прарасейскіх кандыдатаў на парламенцкія выбары, і сфармаваць падкантрольныя Крамлю сеткі медыяў, блогаў і рэгіянальных лідараў.

«Месца ў планах Крамля для Лукашэнкі не знайшлося. Ён узгадваецца ў гэтых дакументах выключна як непапулярны лідар», – каментуе Ігар Ільяш, журналіст-расследвальнік, «Белсата».

Сапраўды, ужо ў кастрычніцкай справаздачы генерал Чарноў сведчыць, што ў Беларусі расце масавая і глыбінная незадаволенасць Лукашэнкам, якая распаўсюджваецца ў народзе насуперак дзеянням сілавікоў і адміністратыўнага апарату. Таму генерал прапаноўвае стварыць палітычную партыю супраць Лукашэнкі, але за Расею.

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Калі да кіраўнікоў РФ данясуць, што Лукашэнка ім не выгодны, то фізічнае знішчэнне цалкам магчыма».

«Калі Расея нам дапаможа зрынуць рэжым, то навошта ім нам дапамагаць? Каб паставіць зручнага ім чалавека».

«Мы не хочам жыць, як у Расеі, жыць на пост-савецкай прасторы».

«Варыянтаў у іх няшмат: або ўлічваць інтарэсы беларускага народа, або атрымаць ворага на дзесяцігоддзі».

«Інсайдэр» публікуе і ўстаноўчую праграму прарасейскай партыі «Права народа» ў стадыі распрацоўкі. У ёй поўна правак аўтарства Мікіты Лагавога. Як піша выданне, гэты малады чалавек актыўна стварае імідж апазіцыянера, пры тым што з’яўляецца сынам Івана Лагавога, беларуска-расейскага бізнесоўца, які ўваходзіць у палітычны клуб партыі «Единая Россия». Клуб «Центр социально-консервативной политики» паслядоўна выступае за паскарэнне беларуска-расейскай інтэграцыі.

«Такіх дакументаў і праектаў могуць быць дзясяткі, а то і сотні. Актывісты, румолаўцы, ябацькі – яны зараз выдумляюць розныя партыі, арганізацыі, дасылаюць праекты, спадзеючыся атрымаць падтрымку, фінансаванне», – ацэньвае сітуацыю Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах.

Пры гэтым у якасці партнёра ў дакументах не згадваецца сённяшні наймацнейшы актыў палітычнай апазіцыі. Лукашэнка змог пераканаць Крэмль, што ўсе ягоныя праціўнікі – фігуры Захаду, мяркуе Ігар Ільяш:

«Не было ніякіх падставаў казаць, што Калеснікава, Ціханоўская ці Бабарыка могуць разглядацца, як празаходнія кандыдаты. Але па факце тая ж Ціханоўская стала празаходнім палітыкам вымушана, бо яе выгналі з Беларусі, бо сам Крэмль назваў яе празаходняй».

Следчы камітэт Расеі нават абвесціў Святлану Ціханоўскую ў крымінальны вышук.

Але ў генерала Чарнова выйшаў пракол нават з тымі, каго ў злітых крамлёўскіх дакументах запісалі ў прарасейскі актыў: старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец, сузаснавальнік бізнес-школы ІПМ Павел Данейка абверглі свой удзел у гэтых працах ды знаёмства з прадстаўнікамі Адміністрацыяй Пуціна. Няясна, як трапіла ў прарасейскі спіс і Абʼяднаная грамадзянская партыя.

«Партыя, якая паслядоўна выступае супраць падпісання інтэграцыйных мапаў, ніколі не будзе рэсурсам гэтых паліттэхнолагаў», – заяўляе старшыня Абʼяднанай Грамадзянскай Партыі Мікалай Казлоў.

Як кажуць эксперты, зліты план мог быць і заяўкай на асваенне вялізнага бюджэту, але ён пацвярджае, што Расея спрабуе ўмяшацца ў падзеі ў Беларусі, навязваючы Аляксандру Лукашэнку канстытуцыйную рэформу з захаваннем ягонай улады – да моманту, калі яго можна будзе прыбраць.

 

Яраслаў Сцешык, «Белсат».