Зімбабвэ. Дыктатара-людажэра арыштавала ўласнае войска


На дзіва спакойны, асабліва паводле афрыканскіх мерак пераварот. Хоць самыя вайскоўцы Зімбабвэ называюць сітуацыю «бяскроўнаю карэкцыяй» улады. Больш за тое, не зважаючы на арышт прэзідэнта Мугабэ, зімбабвійскае войска сцвярджае, што вайскоўцы выступілі выключна супраць ягонага атачэння.

«Мы жадаем запэўніць нацыю ў тым, што яго яснавяльможнасць прэзідэнт з сям’ёю жывыя і здаровыя ды іхная бяспека гарантаваная. Мы выступаем супраць злачынцаў у ягоным атачэнні, якія вінаватыя ў дзеяннях, што выклікалі эканамічны і сацыяльны крызіс у нашай краіне», – заявіў генерал-маёр войска Зімбабвэ Сібусіса Моё.

Не ўсе палітычныя сілы былі гатовыя да змены ўлады

Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны звяз – Патрыятычны фронт – мясцовая кіроўная партыя – паспяшаўся выступіць з асуджэннем перавароту.

«Мы, Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны звяз, што абуджаны леў, мы не будзем сядзець склаўшы рукі, пакуль яны кідаюць пустыя пагрозы ў бок законнага і слушна абранага лідара рэвалюцыйнае партыі Зімбабвэ. Яго яснавяльможнасць застаецца кіраўніком дзяржавы і галоўнакамандуючым!», – заступіўся за Мугабэ прадстаўнік звязу Кудзай Чыпанга.

Як заступіліся, так і адступіліся

Ужо праз некалькі гадзінаў абуджаныя львы не менш рашуча выступілі на падтрыманне віцэ-прэзідэнта Эмэрсана Мнангагўа. Апошні раней лічыўся пераемнікам Мугабэ і карыстаўся папулярнасцю ў вайсковых колах, але 6-га лістапада быў адпраўлены ў адстаўку праз… падазрэнні ў вядзьмарстве. Праз чатыры дні пасля гэтага міністр абароны краіны Канстантыно Чыўэнга выправіўся ў Кітай – адную з нешматлікіх краінаў у свеце, якія вядуць гандаль зброяй з Зімбабвэ.

На гэты момант сітуацыя практычна развязаная

93-гадовы дыктатар, які цягам апошніх 37-мі гадоў кіруе краінаю, застаецца пад арыштам і, паводле інфармацыі мясцовых медыяў, гатовы скласці свае паўнамоцтвы ў абмен на бяспеку сваёй жонкі Грэйс. За час свайго кіравання Мугабэ абрынуў эканоміку краіны ў глыбокі крызіс. Толькі за адзін 2009-ты год інфляцыя ў краіне склала 231 000 000 %, а два гады таму краіна была вымушаная наагул адмовіцца ад уласнае валюты. Яго неаднойчы вінавацілі ў фальсіфікацыі выбараў і палітычных рэпрэсіях, але што адбываецца ў Зімбабвэ сёння, не ведаюць нават суседзі краіны.

Нават з боку самых вайскоўцаў паступаюць супярэчлівыя заявы. Яны абяцаюць пакінуць урад краіны ў нязменным выглядзе, але пры гэтым затрымліваюць міністра фінансаў краіны. Тым не менш, афіцыйна «сёння ў Зімбабвэ пачалася новая эра». Гэтак заявілі вайскоўцы, а за імі паўтарылі ўсе мясцовыя палітычныя сілы.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Philimon Bulawayo / Reuters / Forum