«Жывём як бамжы!» У аграгарадку Урыцкае засталіся без цяпла, вады і газу


Жыхары мікрараёну «Усходні» у аграгарадку Урыцкае Гомельскай вобласці 3 гады змагаліся за захаванне цэнтральнага ацяплення. Аднак чыноўнікі вырашылі, што старая цепласетка ў аварыйным стане і рэмантаваць яе немэтазгодна. Прапанавалі інсталяваць газавыя катлы. Зіма блізка, а некалькі дамоў усцяж без цяпла, вады і газу.

«Уцяпляцца і спім жа вось так! Спім у цёплых шкарпэтках, жывём як бамжы!»

У Гомлі пацяплела толькі на выходных, да гэтага ж сагравацца спадарыні Ніне дапамагаў толькі гэты старэнькі каларыфер. Увесь бруд, які ўтварыўся пасля інсталяцыі газавага катла, ужо прыбралі, але гаспадыні давялося дамагацца гэтага цэлы месяц, прычым праз складанне пратаколу.

«Мы склалі дамову? Склалі! На аснове яе сказалі, што ў іх мусіў быць свой пыласос… нам абяцалі і Сінажэнскі, і галоўны інжынер Семчанка, і мэр гораду, і губернатар. Чаму ж мы баяліся? Я пенсіянерка! Хто мне ўсё гэта адновіць?» – абураецца Ніна Мельнікава, жыхарка дому 27.

Абяцалі, што працы ў інсталяцыі газавага абсталявання пройдуць за 2 – 3 дні і не створаць нязручнасцяў. Але атрымалася інакш. Працаўнікі мантажнага прадпрыемства з Магілёва, якіх упраўленне па капрамонтах Гомельскага аблвыканкаму наняло выконваць працы, пачалі інсталяцыю ў сярэдзіне жніўня, і дасюль у дамах не з’явілася чаканае цяпло. А тое, што ўжо зрабілі, не выклікае даверу ў жыхарак дому 26 і 27.

Людміла, жыхарка дому 26:

«Там усе змененая. Дзяржэкспертыза, дзе трэба, зліўныя шлангі ўсялякія, усё пазначана. Але яны сказалі: мы нічога рабіць гэтага не будзем».

Працоўныя цвердзяць, што жанчыны нібыта не давалі выконваць ім сваю працу.

– Два тыдні я кругамі хадзіў вас прасіў: дайце мне папрацаваць!

– Якія два тыдні??? Ты 23-га прыйшоў да мяне, і колькі я ўжо чакаю вас???

– Майдан зладзілі во тут во! Сказалі: не пусцім нікога… Крычалі: дайце нам вады, цяпла, газу, святла.

Патрабавалі – бо зусім хутка зіма, і жыць без ацяплення немагчыма. Жыхаркі кажуць, што працы можна было распачаць яшчэ 30 траўня, калі падпісалі адпаведную згоду, аднак пачалі ў канцы чэрвеня.

У сваю чаргу дырэктар УКСу Уладзімір Сенажэнскі цвердзіць, што прэтэнзіі да якасці інсталяцыі – дачэпкі, а ўсе працы паабяцаў нам скончыць да 15 кастрычніка. Толькі жанчыны не вераць гэтым абяцанням.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu