Беларускія інтэрнаты: жыць у развалінах – плаціць як за палац


Пакой у інтэрнаце з цёмнымі калідорамі, абадранымі сценамі, непрацоўнымі плітамі для гатавання ежы і разбітай сантэхнікай! І ўсе гэта па коштах з нармальнай арэнднай кватэрай. Чаму ў жыхароў Барысаўскага інтэрнату такія дарагія жыроўкі і праблемы з камунальнай гаспадаркай?

Жыхары інтэрнату №10 у Барысаве атрымалі квітанцыі на аплату камунальных паслуг за люты – на 150–200 рублёў. Вялікую іх частку займае плата за ваду і электрычнасць.

«У нас 4 пліты а працуе толькі 4 канфоркі, у нас 10 блокаў, 20 сем’яў дзе тут гатаваць? Пліткі трэба дома трымаць каб згатаваць ежу», – скардзяцца жыхары.

Тое, што можна было паправіць у пакоях і блоках, жыхары ўжо адрамантавалі ўласнымі сіламі, галоўная ж прычына выцякання вады – старыя стаякі. Загадчыца інтэрнату наракае, што ўлады не выдзяляюць грошай на рамонт.

«Больш увагі каб нам надавалі ўлады, у забеспячэнні месцаў агульнага карыстання, бо ў нас шмат агульных кухань, санвузлоў, падтрымка дзяржавы таксама трэба», – кажа загадчыца інтэрнату Таццяна Бандарчык.

Вада і электрычнасць – не адзіная прычына дарагой камуналкі

На думку жыхароў, праблемы пачаліся праз змену гаспадара. Інтэрнат, што падначальваўся аўтагідраўзмацняльнаму заводу, перадалі ўнітарнаму прадпрыемству «Жыллё».

«Мы нічога не падпісвалі, ніякіх умоваў, яны кажуць, што стала арэнднае жытло, павесілі шыльду, што мы зараз як арэнднае жытло. Ну добра, давайце падпішам дамову, распішамся, нам паведамяць – проста з’явілася нейкая графа ў жыроўцы «за службовае памяшканне» – мы там плацім цяпер 400 тысяч», – скардзіцца жыхар інтэрнату Валянцін Хацкевіч.

Абурэнне жыхароў – толькі пачатак вялікай хвалі

Перадача і перайменаванне інтэрнатаў на арэнднае жытло прайшло па ўсёй краіне, а арганізацыі, што абслугоўваюць новую ўласнасць, налічэнні часта робяць адвольна.

«Калі мы пачалі разбірацца, значны пералік і па аплаце камунальных, і святла, і метраж палічаны недакладна, але не на карысць жыхароў», – адзначае юрыст Сяргей Драздоўскі.

Жыхары барысаўскага інтэрнату звяртаюцца ў розныя інстанцыі ў пошуках развязання праблемы, але пакуль усё марна.

Не чакаць, што праблема развяжацца сама сабою, раяць і праваабаронцы. Менавіта зварот да юрыста найчасцей дапамагае ў такой сітуацыі не толькі зменшыць лічбы ў «жыроўцы», але часам і вярнуць незаконна забраныя грошы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»