Жыццё рабоў Кім Чэн Ына ў Беларусі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=w0Cu7DZGsZE”][/vc_column][/vc_row]А ў самой Беларусі з’явіліся лагеры працы. За высокім мурам і без кантакту з вонкавым светам. Пакуль, што праўда, не для беларусаў, а для рабочых з Паўночнай Карэі. Іх Пхеньян здае ў арэнду афіцыйнаму Менску.

Дэсанты паўночнакарэйскіх рабочых пачалі з’яўляцца ў Беларусі ў 2012-ым годзе, паводле дамовы паміж афіцыйным Менскам і КНДР. Паводле крыніцаў Белсату, іх колькасць у сёмым Будтрэсце летась перасягала 500 чалавек, хаця цяпер, нібыта, зноў зменшылася недзе да сотні.

Здымкавая група Белсату знайшла іх на будоўлі жылога шматпавярховіка на ўскрайку Барысава. Таксама яны будавалі палац Незалежнасці ды Гатэль Беларусь але звычайны мінак убачыць гасцей з камуністычнага раю мае мала шанцаў. Бо па-першае, яны, займаюцца, збольшага, аддзелачнымі працамі – унутры аб’ектаў. Па-другое, панічна пазбягаюць любой увагі, асабліва – медыйнай.

Жывуць паўночнакарэйскія рабочыя таксама канспіралагічна – у аскетычным бараку, на ўскрайку Бараўлянаў. Умовы камфорту ды санітарнай гігіены – мінімальныя. Заробкі, паводле стандартнай практыкі, пералічаюцца амбасадзе КНДР у Маскве. Колькі тыя пакідаюць самім рабочым – невядома. Але, як распавядае рэдактар газеты “Таварыш” Сяргей Вазняк – адзін з нямногіх грамадзян Беларусі, якому ўдалося пабываць у КНДР –  любая праца, што аплочваецца хоць нейкімі грашыма, а не квіткамі на ежу – мара тамтэйшых жыхароў.

Таму тыя паўночнакарэйскія рабочыя, якіх тамтэйшы рэжым здае ў арэнду саюзным краінам, таксама жывуць ва ўмовах максімальнай інфармацыйнай блакады. Дом агароджаны высокім плотам, кантакты са знешнім светам звычайным рабтнікам забароненыя. Раніцай аўтобус адвозіць іх на працу, прывозіць увечары. Суседзі азіяцкіх гасцей па катэджным пасёлку бачыли іх толькі вечарамі, калі, брыгадзіры ці палітработнікі, выводзяць іх арганізаванай калонай на кароткі мацыён вакол кварталу.

Паводле паведамлення расейскай прэсы, экспартныя паўночнакарэйскія концлагеры, распаўсюджаныя і ў нашай усходняй суседкі, дзе грамадзяне КНДР, пад канвоем сваіх палітработнікаў, будуюць ці валяць лес. Спробы з імі закантактаваць выклікаюць агрэсіўную рэакцыю. Аўтамабіль здымкавай групы Белсату дзясятак паўночнакарэйскіх наглядчыкаў блакаваў да прыезду міліцыі.

Сёлета Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў распачала расследаванне эксплуатацыі паўночнакарэйскіх рабочых за мяжою. Паводле заходніх праваабаронцаў, рэжым Кім Чэн Ына канфіскуе заробкі гастарбайтараў з КНДР, у тым ліку для таго, каб закупаць тавары класу “люкс” для тамтэйшай партыйнай эліты.