Жыроўкі падаражэюць. Улады: Вы павінныя быць удзячныя


Беларусы павінны быць удзячныя ўладам за сёлетняе чарговае павелічэнне тарыфаў на камуналку. Калі б не надзвычайныя высілкі ўладаў, гэтае здаражэнне было б яшчэ большым. Гэтак заявілі сёння ў Міністэрстве камунальнай гаспадаркі.

Паводле ўладаў, жыроўка для сярэдняй двухпакаёўкі здаражэла ў сярэднім на Br 10. Дакладныя тарыфы, абнародаваныя сёння на афіцыйным прававым партале, Менскі гарвыканкам зацвердзіў 5-га студзеня.

Што па чым?

Найбольш павялічыліся тарыфы на каналізацыю і водазабеспячэнне – у паўтара разу. Штопраўда, гэтыя плацяжы складаюць мізэрную частку жыровак. Найбольш растуць тарыфы на электрычнасць, цяпло і газ.

Абслугоўванне дому здаражэла на 9 %, а паслугі дзяржаўных манаполіяў – на 29 %.

Адмыслоўцы канстатуюць: летась улады сапраўды ўчынілі шэраг крокаў, скіраваных на павелічэнне эфектыўнасці ЖКГ. А менавіта – учыніла тэндары на выкананне шэрагу працаў – прыбіранне пад’ездаў і адвоз смецця, да якіх запрасіла, у тым ліку, прыватнікаў.

Хацелі як лепей, атрымалася як заўсёды

Асноўны ж эфект ад гэтае захады быў паглынуты карупцыяй. Напрыклад, як паказала расследаванне «Белсату», кошты, па якіх прыватнікам прапануюць прыбіраць падʼезды, настолькі заніжаныя, што сумленныя выканаўцы на гэтыя падрады нават не прэтэндуюць.

А прэтэндуюць кампаніі, блізкія да ўладаў, такія як «Чысты Свет». Пасля таго, як работа дастаецца такой фірме, з ёю таемна падпісваецца дадатковае пагадненне, паводле якога расцэнкі вырастаюць у разы. Такі выпадак з «Чыстым Светам» разглядала Берасцейская пракуратура, але сістэма засталася некранутая.

Павялічылася эфектыўнасць працы энергетыкі

Летась нарэшце ўвялі ў эксплуатацыю Віцебскую і Полацкую гідраэлектрастанцыі на Дзвіне. Але і тут эфект на кошты энергіі для насельніцтва быў абмежаваны. Па-першае, праз інжынерныя пралікі, Віцебская ГЭС пачала затапляць шахты суседняга прадпрыемства «Даламіт», дзе працуюць 850 чалавек. У выніку істотная частка электраэнергіі, якую выпрацоўвае ГЭС, пабудаваная за $ 190 млн, ідзе на тое, каб адпампоўваць ваду з тых карʼераў.

Вялікая частка плацяжоў сыходзіць у карупцыю

Гэтак, іншае расследаванне «Белсату» паказала, што дзяржаўны канцэрн «Белэнерга» мае на пэўныя работы шэраг прыватных манапалістаў, якім работы аддаюцца без тэндару і за кошт, што ў разы перавышае рынкавы.

Рэакцыі ўладаў не было ані на гэтае расследаванне. У выніку, нават субсідаваны тарыф на электрычнасць для насельніцтва ў Беларусі – на чвэрць даражэйшы, чымся ва Украіне. А ў параўнанні з палякамі, сярэднестатыстычнаму беларусу пасля аплаты камунальных плацяжоў арэнды за кватэру ды выдаткаў на транспарт, застаецца на руках утрая меней грошай.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY