Мятровае пустазелле на месцы могілак. Жыхары вёскі Мярэцкія Глыбоцкага раёну абураныя бяздзеяннем камунальнікаў. Жыллёва-камунальная гаспадарка, у абавязкі якой уваходзіць нагляд за яшчэ дзеючымі могілкамі, наўпрост іх не даглядае. Праз зараслі бур’яну ў мясцовых жыхароў паўстаюць праблемы і з тым, каб наведаць магілы сваякоў, і каб пахаваць памерлых.
«Да чаго давялі? Паглядзіце!»
Гэтыя зараслі бэзу – не кавалак лесу, як магло б падацца, а могілкі бліз вёскі Мярэцкія, што на Віцебшчыне. Тым не менш, каб убачыць тут помнікі, трэба прыкласці намаганні. Мясцовы сельсавет даручыў добраўпарадкаванне тэрыторыі Глыбоцкай ЖКГ. З таго часу Мярэцкія могілкі перасталі даглядаць: сухіх дрэваў не зрэзалі, не скасілі і бур’яну, што паспеў нарасці за лета.
«От мае бацькі знаходзяцца, пахаваныя. Я не чакаю ЖКГ. Вось усе нашыя сваякі – я абкасіў іх. А вось паглядзі, які чарнобыльнік стаіць. Як перайсці на той бок? Ніяк» – распавядае жыхар вёскі Часлаў Вайтэцкі.
Сачыць жа за тым, каб магілы не зараслі, могуць не ўсе сваякі памерлых.
«Ёсць там дальнія сваякі, у Расеі, ва Украіне, а мясцовыя ўлады крыху забываюць», – адзначае мясцовы жыхар Славамір Яцына.
Не своечасова выконваюць камунальнікі і свае абавазкі ў аказанні рытуальных паслугаў. Іх даводзіцца чакаць больш за содні нават пасля ўнясення платы.
«Я жонку хаваў, яна мне прапануе – Плыгаўка Аляксандра, старшыня ўчастку добраўпарадкавання, – ты заплаці ў ЖКГ, а пасля хавай сваймі людзьмі. Гэтак атрымліваецца двайная аплата, уяўляеш?» – кажа мясцовы жыхар Часлаў Вайтэцкі.
Не зважаюць працаўнікі ЖКГ і на пахаванні 18-19-га стагоддзяў, што месцяцца на ўзгорку. У народзе іх празвалі «панскія». Краязнаўцы мяркуюць, што тут, імаверна, пахаваны ваявода Мсціслаўскі Іосіф Корсак – фундатар прынамсі трох цэркваў: у Глыбокім і ў Беразвеччы. Помнік яму стаіць у Глыбокім, а магілы цяпер – не адшукаць.
«Калі праваслаўныя папы выкінулі парэшткі Язэпа (Іосіфа) Корсака з падвалу касцёлу Кармелітаў – цяпер гэта царква – на вуліцу. Тры дні яны моклі пад дажджом. Над парэшткамі зжаліўся ўладальнік маёнтку Літоўшчына – забраў і пахаваў», – кажа краязнаўца Уладзімір Скрабатун.
На ўсе звароты мясцовых жыхароў з просьбаю давесці да ладу Мярэцкія могілкі камунальнікі так і не адрэагавалі. А перад прыездам журналістаў толькі скасілі траву каля плоту.
Юлія Лабанава, «Белсат»