Жыхары Вялейкі вырашылі самастойна адбудаваць мост цераз раку


У Вялейцы мясцовыя жыхары збіраюцца аднавіць мост праз раку Вяллю. Ён мае злучыць ваколіцы гораду з поплавам і лесам – як месцам адпачынку і збору лясных дароў. У планы мясцовых уладаў будоўля мосту не ўваходзіць, таму вялейчукі пастанавілі зрабіць гэта ўласнаручна. Больш за год яны талакою збіраюць грошы, аднак сродкаў на амбітны праект бракуе.

«Вось гэты дрот – апошняе, што засталося ад Казінага мосту ў ваколіцах Вялейкі. Стары мост праз раку Вяллю струхнеў, і ўлады яго прыбралі, а новага не паставілі. Людзі аднаўляюць яго ўласнымі сіламі».

Генадзь Міхалік жыве за дзясяткі метраў ад Вяллі. Ён сведка і будоўлі, і знішчэння Казінага мосту:

«Гэты мост – як рэліквія для гораду. Я тут жыву побач і калі тлумачу, як мяне знайсці і калі скажу, што каля Казінага мастка – усё зразумела, адразу ведаюць, дзе мяне шукаць».

Цяпер жа мастка няма, улады прызналі яго аварыйным і знеслі. Да бліжэйшага ж бетоннага мосту – два дзясяткі кіламетраў. Юрый Бурлака, мясцовы жыхар:

«Жывуць пенсіянеры, якія не могуць дабрацца нарыхтаваць сабе ягады, грыбы. Рыбакі не могуць трапіць за раку парыбачыць – дзеля чаго яна ёсць і дзеля чаго месцы гэтыя. Але мост неабходны перадусім пенсіянерам. Людзі гатовыя сваймі сіламі зрабіць, але каб быў матэрыял. Для гэтага нікога не трэба прасіць – усе гатовыя хоць сёння заняцца».

Аднаўлення Казінага мосту чакаюць і сталыя, і маладыя вялейчукі:

«Яго даўно трэба было аднавіць – траціна гораду карысталася гэтым мостам, тут і размовы няма».

«Я яго, калі па праўдзе, баялася. Я нават ніводнага разу праз яго не пераходзіла – магчыма, калі зробяць. Калі будзе ў добрым стане – чаму б і не, нават з дзецьмі прайсці на прыродзе пабыць».

«Калі вялікая колькасць хоча гэтага, то гэта павінна быць».

Развязаць праблему наважыўся мясцовы актывіст Віталь Малыш. Ён заклікаў гараджанаў самым адбудаваць Казіны мост. Дзеля гэтага ў гарадскіх крамах паставілі скрынкі для збору грошай. Ініцыятыву падхапілі. Васіль Сляпец, мясцовы жыхар:

«Так, у крамах, дзе стаяць скрыначкі на ахвяраванні – я заўсёды па 10 рублёў, бывае, кідаю, па пяць рублёў і капейкі заўсёды. Ніколі ад гэтага не адмаўляюся – я толькі за – каб толькі яго аднавілі».

Мінімальнай сумы ў чатыры тысячы рублёў пакуль не сабралі, хоць збор вядзецца ўжо больш за год. Ініцыятар збору сродкаў хвалюецца за рэакцыю ўладаў Вялейкі на ініцыятыву гараджанаў. Віталь Малыш, мясцовы грамадскі актывіст:

«Перасцярогі заўсёды ёсць – ініцыятыва – яна заўсёды караецца. Мясцовыя ўлады пакуль ня ўмешваюцца ў гэты працэс. Яны, нібыта, і не супраць, але пакуль бяздзейнічаюць».

Уладзімір Малярчук, мясцовы грамадскі актывіст:

«Уладам будзе сорам нічога не рабіць, што людзі робяць, а ўлады не дапамагаюць».

Таксама ў горадзе з’явіліся ахвочыя зладзіць дабрачынныя канцэрты і кірмашы, каб сабраць патрэбныя грошы. Актывісты спадзяюцца на дапамогу як цяперашніх, гэтак і былых жыхароў Вялейкі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu