Жыхары Віцебску чакаюць дарогу 5 гадоў


Віцебск напярэдадні «Славянскага базару». Штогод абласны цэнтр старанна рыхтуюць да конкурсу, але не яго ўскрайкі. Тут дасюль шмат дзе яшчэ грунтовыя дарогі.

Чакаюць асфальту з паваеннага часу

«Тут як машына едзе ўдзень, такі пыл падымаецца, што жах. А куды ўсё? У вокны ідзе і ў хаце асядае», – скардзіцца жыхар вуліцы Рыжская.

Віцябляне неаднаразова звярталіся да мясцовых уладаў з просьбамі дапамагчы. Пяць гадоў таму ім паабяцалі пракласці асфальт. У выніку – засыпалі друзам частку вуліцы Віцебскай. І на гэтым усё.

Развязаць праблему жыхары намагаліся і ўласнымі сіламі – клалі асфальт за асабістыя грошы, але і той ужо зрабіўся непрыдатны.

Псуюць жыхарам жыццё і велізарныя сметніцы, спуштаюцца якія вельмі рэдка. Да таго ж канавы ля дамоў параслі травою, а калектар даўно не працуе. Да праблемы далучыліся грамадскія актывісты і падалі зварот у гарвыканкам, абласны ды гарадскі саветы дэпутатаў. Пад ім падпісаліся прыблізна 150 чалавек.

Чакаць адказу актывістам давядзецца месяц

Пракаментаваць жа тэлеканалу «Белсат» цяпер, чаму развязанне праблемы дасюль не зрушваецца з месца, Віцебскі гарвыканкам не пажадаў. Звонку ж сітуацыя выглядае, быццам на прыватны сектар чыноўнікі папросту махнулі рукою.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: tnd.ru