Жыхары Талбухіна 12 – закладнікі капітальнага рамонту


Капітальны рамонт з парушэннямі, а чыноўнікі не спяшаюцца дапамагчы. Жыхары сталічнага дому нумар 12 на вуліцы Талбухіна ведаюць, што рабіць у такіх сітуацыях. Звяртацца да нас.

«Ні абходу не было, ні папярэджвалі пра тое, што капрамонт мусіць быць, перад фактам паставілі».

«Край гаўбца разламалі кувалдаю, кускі прыварылі, а швелер вісіць у паветры. Асобна ад пліты гэта ўсё замажуць і пакладуць сцяжку, якая абцяжарыць гаўбец. Тым самым гаўбец стане не ўмацаваны, а аслаблены», – абураюцца жыхары дому №12 на вуліцы Талбухіна.

А гэтак пачаўся першы сход жыхароў дому з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Першамайскага раёну. Яны замоўцы рамонту. Уласнікаў кватэраў запрасілі ў цеснае памяшканне, дзе ўсім месца не было. Генеральны падрадчык – кампанія «Норэл». Іхная размова з журналістамі аказалася кароткаю.

Чаму так груба абышліся з прэсаю, ведаюць жыхары дому:

«Вы ведайце, што на 8-9-ых паверхах жывуць пенсіянеры, каторым ужо па 80 і болей гадоў. Яны ўжо месяц не могуць выйсці з кватэры, бо не працуе ліфт. А чаму? Бо спачатку трэба было зрабіць адзін бок дому, а пасля другі. У іх нічога не ўзгоднена».

«Без нашага ведама праводзяць новыя камунікацыі, каторых не было. Паводле іхнага праекту будзе перанос сцяны на 30 сантыметраў наперад. То бок гэта будзе не прыбіральня, а сабачая будка. Мяне гэтае пытанне вельмі хвалявала».

Не задаволеныя ўласнікі кватэраў і вонкавым афармленнем будынку: тут парушаны ўнікальны фасад.

Тарцовую частку дому, у якой месціцца ліфтавая шахта, выклалі панарамным шклом, як у офісных будынках. За той час, пакуль трывае рамонт, гэтае шкло лопалася ўжо некалькі разоў. Жыхары непакояцца: а што ж будзе пасля, калі рабочыя сыдуць?

Падчас нарады стала вядома: ДАМОВА на капітальны рамонт не была падпісаная з жыхарамі дому. А згодна з некарэктным дакументам, работы мусілі завяршыцца яшчэ ў лютым.

Самае балючае пытанне для жыхароў дому – новыя камунікацыі, што скарачаюць плошчу жытла:

«Вось гэтага стоку каналізацыйнага ў нас не было. Гэта навіначка, пра якую мы не ведалі. Па-першае, гэта шум. Ой, тут куча нюансаў, да таго ж, змяншаецца плошча, пра што мы не ведалі».

Падчас сходу адказу мы так і не атрымалі. Тэлефануем замоўцу рамонту – у ЖКГ Першамайскага раёну. Адказвае Наталля Рацык, інжынер з аддзелу капітальнага рамонту:

«Пракладваюцца дадатковыя стаякі з гарачай і халоднаю вадой ды каналізацыя. У гэтым пытанні я ўчора тлумачыла: скіраваныя лісты ў праектны інстытут, каб яны патлумачылі неабходнасць выканання гэтых відаў работ. Ім дадаткова паведамяць пісьмова».

Інжынер запэўніла: да поўнага высвятлення сітуацыі з новымі камунікацыямі працы для іх усталявання ў доме пакуль прыпыненыя. Людзі ж просяць журналістаў працягваць сачыць за сітуацыяй.

Таццяна Уласенка, belsat.eu