Аб'ектыў 17.09.2019 Жыхары раёну Сяльмаш у Гомлі змагаюцца за зялёную зону


Грамадскія слуханні нібыта прайшлі, але людзей улады не пачулі. Бо жыхары Гомля не мелі магчымасці выказацца. А ім ёсць што сказаць і што бараніць. Людзі не згодныя з планамі ўладаў высечы парк, каб пабудаваць там чарговыя жылыя скрыні.

Ці яшчэ два шматкватэрныя дамы, ці сем дзясяткаў дрэваў. Жыхары гомельскага раёну Сяльмаш змагаюцца за зялёную зону побач са сваім жытлом. На гэтым месцы плануюць будоўлю двух шматпавярховікаў. Жыхары Сяльмашу намагаюцца надаць зялёнай зоне статус скверу, гэта дасць магчымасць добраўпарадкаваць тэрыторыю ды абараніць дрэвы ад знішчэння.

«Вось адзін дом пабудавалі, пакіньце хоць крыху дрэваў».

«Жылыя дамы будуюць адзін на адным, як калодзежы нейкія. Ні паветра няма, нічога няма людзям».

«За вашай спінай – завод «Гомсельмаш», а за маёй спінай – завод ЗЛІН, гэта два вялікіх заводы, дзе і ліцейкі ёсць, і іншае, і выкід ідзе сюды», – кажуць мясцовыя жыхары.

Найбольш абурае жыхароў раёну тое, што іх недастаткова паінфармавалі пра грамадскае абмеркаванне наконт будоўлі і высякання зялёнай зоны, якое адбылося ўвесну.

«Абвестку на дом павесілі ці то а другой, ці то а трэцяй, а сход быў а пятай. Павесілі толькі на чацверты дом, на бліжэйшых дамах, дзе людзі супраць, нічога не было», – сцвярджае жыхар раёну Ігар Салахутдзінаў.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Андрэй Аксёнаў мяркуе, што ў праблемы інфармавання два бакі: як улады не прызвычаеныя шырока паведамляць гараджанам пра свае планы ды дзеянні, гэтак і людзі не прызвычаеныя сачыць за тым, што адбываецца ў горадзе.

«Сёння па вялікім рахунку «Гомельскія ведамасці», сайт гарвыканкаму і сайт адміністрацыі раёну гэта размяшчаюць. Як часта вы набываеце гарадскую газету ці глядзіце сайт у інтэрнэце і як часта заходзіце на сайт мясцовай выканаўчай улады? Чаму так адбываецца – іншае пытанне, але ў людзей няма такой звычкі», – гаворыць Андрэй Аксёнаў.

Цяпер жыхары Сяльмашу патрабуюць паўторнага грамадскага абмеркавання. Таксама яны хочуць, каб ніякія будаўнічыя працы не распачыналіся да таго часу, пакуль не будзе канчаткова сфармаваны генеральны план азелянення гораду.

«У нас больш за 600 подпісаў ад жыхароў бліжэйшых дамоў за тое, каб гэтую зялёную зону захавалі і зрабілі тут добраўпарадкаванне. Мы лічым, што гэта даволі шмат людзей, і іх меркаванне мусіць быць пачутым», – адзначае жыхар раёну Філіп Юрчанка.

Сёння сябраў ініцыятыўнай групы запрасілі на сустрэчу ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну.

«Магчыма адбудзецца яшчэ адзін сход па выніках экспертызы, я не ведаю ці будзе ён шырокім, яны баяцца агульных сходаў, бо на іх паспяваюць сказаць толькі ўступную прамову», – распавядае ўдзельнік сустрэчы Дзмітрый Бабанін.

Адказам на папярэднія звароты ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну і гарвыканкам былі фармальныя адпіскі, сцвярджаюць гомельцы. Подпісы за паўторныя грамадскія слуханні плануюць накіраваць у адміністрацыю Чыгуначнага раёну, гарвыканкам і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары