Жыхары прэзідэнцкіх дамоў замярзаюць


«Мы замярзаем!» Такую тэлеграму накіравалі жыхары вёскі Капацэвічы Салігорскага раёну асабіста Аляксандру Лукашэнку. Дзесяць гэтак званых прэзідэнцкіх дамкоў застаюцца без ацяплення і вады ўжо два тыдні. Мясцовыя ўлады толькі абяцаюць жыхарам разабрацца, а вяскоўцы, як гэта часта здараецца, застаюцца з бядою сам-насам.

З кранаў у дамах вяскоўцаў дзясятак гадоў цякла рудая вада. Два тыдні таму не стала ніякай. Пітная вада вялікай каштоўнасцю была заўсёды. Але цяпер у дэфіцыце і тэхнічная.

«Тут – каналізацыя: дажджавая вада, снег растае – усё збягае сюды праз дзірачкі, палова калодзежа збіраецца. Вось адсюль даводзіцца вядром на вяроўцы чэрпаць і дадому цягаць – каб посуд памыць, папраць».

«Колькі існуюць гэтыя дамкі – гэтулькі вада ў вежы непрыгодная для піцця. Калі папраць белае два разы, то на трэці – накручвай на ногі анучамі і насі на працу», – скардзяцца жыхары вёскі Капацэвічы.

Тэхнічную ваду ў краны падавала воданапорная вежа, якая перастала працаваць, і цяпер у дамах таксама холад. А ваду для харчавання вяскоўцы ўсе дзесяць гадоў носяць з калодзежа амаль за кіламетр.

«З калодзежаў санстанцыя забараняе вясной браць ваду – падыходзяць грунтовыя воды, вялікае ўтрыманне нітратаў – вось і ўсё».

«Мы ж аплочваем усе гэтыя і капітальнае, і тэхнічнае абслугоўванне. Хоць які капітальны рамонт яны нам робяць і якое тэхнічнае абслугоўванне? Дзесяць рублёў я выкідаю на вецер?!»

«Прымаўка такая ёсць: забытая Богам вёска. У Бога яна не можа быць забытая. А мы ў наш час забытыя нашым начальствам, нашай адміністрацыяй», – распавядаюць жыхары Капацэвічаў.

Тры гады вяскоўцы аббіваюць парогі раённай і абласной вертыкалі, але ў мясцовай адміністрацыі – Салігорскай ЖКГ – аб праблеме нібыта не ведаюць. Уладзімір Крываблоцкі, галоўны інжынер Салігорскай ЖКГ:

«Не можа быць. Будам разбірацца».

У Капацэвічах – больш за сотню жыхароў, але тут няма не толькі вады. Нядаўна зачынілі лазню і краму. Пры гэтым Салігорскі раён – сярод самых заможных на Меншчыне, кажуць мясцовыя актывісты.

«Кажуць, што няма сродкаў, але мы бачым, што сродкі ёсць, бо штогод у розных месцах робяцца ўсялякія «дажынкі», на якія сродкі заўсёды ёсць», – каментуе сябра Беларускага Хельсінскага камітэту Леанід Мархотка.

Жыхары прэзідэнцкіх дамкоў стварылі ініцыятыўную групу і з дапамогаю мясцовых праваабаронцаў накіравалі тэлеграму кіраўніку краіны. Пакуль чакаюць адказу на свой зварот па-ранейшаму застаюцца без вады.

Галіна Абакунчык, belsat.eu