Жыхары Мёраў: «Калі такіх святаў не праводзіць, у нас будзе глухамань суцэльная»


Птушкі, кірмаш, забавы. Мёры сустракаюць гасцей! Фестываль «Журавы і журавіны», які сабраў сваіх прыхільнікаў з усёй Віцебшчыны, прайшоў ужо сёмы раз. Уражаннямі дзеляцца наведнікі фестывалю:

«Пазнавальна. І журавоў, і журавінаў вельмі шмат у нашых краях, таму такія святы нам патрэбныя».

«Як у нас кажуць – расслабуха. Крышку адпачыць. Паглядзець на людзей, адзін на аднаго. Прайдзіце па гораду – ён пусты. А тут людзі сабраліся».

«Калі такіх святаў не праводзіць, у нас будзе глухамань суцэльная».

Але, як і на любым свяце, ёсць і незадаволеныя. У першую чаргу пільным даглядам праваахоўнікаў.

«Гэта больш падобнае да свята іхнага, міліцэйскага, чымся да свята тых, хто на яго прыйшоў», – кажа наведнік Багуслаў Мацук.

Падчас фестывалю арганізатары зладзілі экскурсійныя аўтобусы на палі, каб людзі змаглі паназіраць за журавамі. Менавіта на Мёршчыне адное з найбуйнейшых верхавых балотаў у Еўропе – Ельня, – якое налічвае больш за 9 тысячаў гадоў гісторыі! Журавы аблюбавалі Ельню як ніякае іншае беларускае балота.

«Для Беларусі гэта ўнікальнае месца, бо колькасць журавоў, якія тут спыняюцца на міграцыю, складае да пяці тысячаў адначасова. А наагул, за месяц-паўтара, што яны праводзяць на гэтым месцы, можа пралятаць і дзясяткі тысячаў» – распавядае Сямён Левы, «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Уначы на Ельні журавы пачуваюцца бяспечна. Тут яны могуць пераначаваць, не апасаючыся драпежнікаў. А ўдзень ёсць магчымасць пашукаць сабе ежу на найбліжэйшых палях. На Мёршчыне ў самай высокай птушкі Беларусі – рост некаторых асобнікаў дасягае ажно 140 сантыметраў! – ёсць магчымасць назапасіць сілы, каб рухацца далей.

«Яны ляцяць з поўначы, а потым, адпачыўшы ў нас на Ельні, ляцяць у Паўночную Афрыку, Эфіопію ды Ізраіль – у тыя цёплыя краіны. І, у адрозненне ад буслоў, яны не баяцца праляцець над Чорным морам», – расказвае валанцёрка арганізацыі Надзея Валабуева.

Адлёт шэрых журавоў на зімаванне цягнецца ўвесь кастрычнік, падкрэсліваюць у заказніку «Ельня», а часамі працягваецца і ў лістападзе. Менавіта ўвосень зграі гэтых птушак больш шматлікія, чымся ўвесну.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: сайт ptushki.org / Н. Берлін