Жыхары менскай Лошыцы дамагліся зачынення палігону «Прудзішча»


1 жніўня завершыцца эксплуатацыя палігону цвёрдых бытавых адкідаў «Прудзішча», што атручвае паветра мікрараёну Лошыца. Закрыцця сметніцы мясцовыя жыхары ўпарта дамагаліся тры гады.

Атрымлівалі кватэры ў найбольш экалагічным раёне, але жыць давялося – ля сметніку.

«Немагчыма ж дыхаць! Мы задыхаемся, разумееце, у мяне нават голас ахрыплы! Немагчыма дыхаць, бо яны паляць там смецце ўночы. Тут маё акно, я прачынаюся ноччу, задыхаюся».

«Тут такі смурод стаіць па-першае. Здараецца душнае надвор’е, калі немагчыма дыхаць. Акно не адчыніць», – абураюцца жыхары Лошыцы.

Звалку «Прудзішча» ля сталічнай кальцавой з боку мікрараёнаў Лошыца і Чыжоўка пачалі эксплуатаваць у 1968 годзе. Прамысловыя адкіды (тыпу будаўнічага смецця пасля разбурэння дамоў) звозілі з усяго гораду.

«Эксплуатацыя гэтай звалкі скончылася ўжо вельмі даўно, гадоў 10 таму, але ведамства, якому яна належыць – УП Экарэс – працягвала і працягвала тэрмін працы гэтага сметніка», – распавядае Наста Машчава, ініцыятыва «Месца».

Апроч невялікіх пажараў, два гады таму палігон цвёрдых бытавых адкідаў увесь палаў у агні. Хімічны смурод накрыў некалькі мікрараёнаў сталіцы. Ініцыятары закрыцця сметніку тады ўжо вялі работу з жыхарамі і ўладнымі структурамі: праводзілі сходы, збіралі подпісы. Агулам сабралі каля 2,5 тысячаў.

«Калі зараз мы вырашылі перадаваць свае подпісы ў Адміністрацыю Прэзідэнта, бо гэта апошняя інстанцыя ў нашай краіне, пачаўся нейкі рух», – гаворыць Артур Фінькевіч, ініцыятыва «Месца».

Ад 1 жніўня сюды не ўедзе аніводзін смеццявоз. Жыхары Лошыцы кажуць:

«Я вельмі цешуся, што нашая звалка закрыецца з 1 жніўня. Гэта мара бадай усёй Чыжоўкі і Лошыцы».

«Увогуле трэба перапрацоўваць смецце. Скажы, Даша, мы за асобны збор».

Не губляць, а зарабляць на перапрацоўцы смецця Беларусь толькі вучыцца. Гара найстарэйшага менскага смецце-палігону расці перастане, а каторая будзе наступнаю?

Юлія Цяльпук, belsat.eu