Аб'ектыў 15.12.2017 Жыхары гатовыя бараніць гомельскія Курапаты


Навабеліцкі лес абапал чарнігаўскае шашы, што на выездзе з Гомля, звязаны з гісторыяй масавых пахаванняў. Тут, на 9-ым кіламетры, імаверна, застаюцца парэшткі рэпрэсаваных, а таксама загінулых падчас Другое сусветнае вайны. Днямі гомельцы пачулі пра намер упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомля пабудаваць на частцы тэрыторыі жылы квартал.

«Калі там пахаванні, то ніякай шматпавярховай забудовы не мусіць быць. Таму што гэта – месца святое».

«Калі лес прыбраць, то чым дыхаць людзям? І дыхаць та няма чым будзе. Калі там пахаванні, партызанская крынічка там усе, я лічу, што гэта нельга».

«Ну нельга, нельга, я лічу, што гэта знявага вялікая, ні ў якім выпадку нельга дазваляць, каб на костках нашых продкаў будавалі дамы».

– як адзін кажуць мясцовыя жыхары, апытаныя «Белсатам».

Што адбылося ў гэтым месцы?

Паводле гісторыкаў, у Навабеліцкім лесе адбываліся масавыя расстрэлы ў 30-ыя гады, а ў 41-ым у лесе загінулі жаўнеры Чырвонай арміі, што прыкрывалі адступленне асноўных сілаў.

«Для грамадскасці Гомля, Гомельскай вобласці – гэта месца памяці, гэта месца, якое нельга кранаць, якое мусіць быць помнікам гісторыі і ўвасабляць сабой гісторыю нашага краю», – даводзіць гісторык Васіль Палякоў.

Інфармацыя пра абвяшчэнне тэндару абурыла грамадзянаў

Яны сабраліся на стыхійны сход, дзе запатрабавалі праверыць лясны масіў, а ў выпадку выкрыцця парэшткаў – паставіць помнік.

«Нашая задача атрымаць такую даведку з кампетэнтных органаў, у тым ліку, – Гомельскага ўпраўлення КДБ, ці былі там месцы расстрэлаў, і колькі там ахвяраў можа быць», – зазначыў Уладзімір Кацора, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Што плануюць улады?

Паводле мясцовых уладаў, згодна з генеральным планам гораду, частку Навабеліцкага лесу разглядаюць толькі як адзін з магчымых варыянтаў развіцця гораду, і тое, толькі пасля дэталёвага прапрацоўвання ды правядзення раскопак. Што да пытання тэндэраў – гарвыканкам іх не абвяшчаў і не мае такога намеру ў бліжэйшых планах.

«Асобныя арганізацыі могуць тэндэры праводзіць, мы не можам забараніць каму-небудзь забараніць прапрацоўваць пытанне. Па генплану там … – ёсць кавалак зоны, які знаходзіцца ў перспектыве шматпавярховай грамадскай забудовы, але дзеянняў, рашэнняў мы не давалі»,– тлумачыць Юрый Літвінаў, галоўны архітэктар Гомля.

Тэндар не адбыўся з прычыны адсутнасці заявак

Паводле неафіцыйных крыніцаў, планы на будаўніцтва нібыта ёсць. У гэткім выпадку актывісты гатовыя супрацоўнічаць з уладамі, але пры намеры дазволіць будоўлю на касцях гатовыя бараніць 9-ты кіламетр гэтак жа, як у Менску адстойвалі Курапаты.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары