Жыхары Чавус змагаюцца за сквер, які высаджвалі сваімі рукамі


Будынак клубу ў Чавусах перабудоўваюць у гандлёвы цэнтр. Але абурае мясцовых не крама, а тое, якім чынам збіраюцца добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол яе.

«Па праекце, які намячаецца, гэтыя ўсе дрэвы павінны быць высечаныя. Мы не згодныя, бо замест свежага паветра мы будзем дыхаць аўтамабільнымі выкідамі», – кажа мясцовы жыхар Уладзімір Тацянкоў.

Спадар Уладзімір асабіста саджаў дрэвы ў гэтым скверы. Вось гэтая елка – ягоных рук справа. Саджалі дрэвы і іншыя жыхары дому 4 на вуліцы Азарава. Цяпер на месцы скверу збіраюцца разбіць паркоўку на 27 машына-месцаў. Жонка Уладзіміра Валянціна распавядае, што яны з суседзямі не сядзелі склаўшы рукі:

«Мы звярталіся ў нашую гарадскую адміністрацыю, пакуль адказу не прыйшло. Сабралі 50 подпісаў, каб гэты сквер не зносіць».

Прадстаўнікі Чавускага райвыканкаму прыехалі адказаць на зварот людзей. Інвестар на сход не з’явіўся. Перад людзьмі выступаў намеснік старшыні Чавускага райвыканкаму Андрэй Верхаводкін, згодна яго словам, у райвыканкам паступіў сустрэчны зварот з яшчэ большай колькасцю подпісаў:

«Нам паступіла 350 подпісаў за тое, каб тут было (паркоўка і гандлёвы цэнтр). Але мы прыйшлі сюды, каб абмеркаваць гэтую праблему».

Ад чыноўнікаў людзі даведаліся, што нават без паркоўкі дрэвы будуць зразаць. Маўляў, адныя растуць заблізка да будынку, іншыя – да электратрасы. Пра падобныя праблемы мясцовы жыхар Яўген Шарамецьеў упершыню пачуў на сходзе:

«Нікога гэта не турбавала і нікому гэта не перашкаджала, ніколі тут нічога ніякіх трасаў, кабеляў ніхто не рамантаваў».

На сустрэчы жыхары прапанавалі прадстаўнікам райвыканкаму альтэрнатыву.

«Вось стаянка, рабіце стаянку, вось, калі ласка, не трэба дрэвы выкарчоўваць. Закладвайце плітку – месца пустое», – не раз казалі мясцовыя жыхары.

Усіх прысутных намеснік старшыні Чавускага райвыканкаму Андрэй Верхаводкін запэўніў:

«Адназначна не будзе нічога такога, што не адпавядае санітарным ці нейкім нормам. Праект пройдзе экспертызу, усё афіцыйна».

На нашыя пытанні пра знішчэнне дрэваў намеснік старшыні Чавускага райвыканкаму адказаць адмовіўся… Афіцыйна:

«Пакажыце акрэдытацыю! Каб здымаць гэта ўсё, трэба рабіць афіцыйна гэта ўсё. Я афіцыйная асоба таму я павінен афіцыйна працаваць».

На сходзе жыхары дому 4 з вуліцы Азарава ўручылі прадстаўнікам улады новы калектыўны зварот з прапановамі: добраўпарадкоўваць без знішчэння дрэваў, а паркоўку зрабіць на пустыры побач. А калі сход скончыўся, жыхары падзяліліся сваімі ўражаннямі:

«Яны забралі наш час асабісты, нічога добрага яны не прапанавалі. Дзе мы павінны яшчэ раз распісацца? Дзе мы павінны распісацца, што мы супраць?»

«Сабралі абы для птушачкі, вось яны як бы дэмакратыю ў нас праводзяць, меркаванні жыхароў слухаюць. Але яны не хочуць нават слухаць».

«Я лічу, што нельга гэтага дапусціць. Вось калі пачнуць рыць, выйсці і стаць. Бо гэта бязладдзе».

Чыноўнікі, у сваю чаргу, паабяцалі, што замест зрэзаных дрэваў зарганізуюць кампенсацыйныя пасадкі, ды прапанавалі людзям абраць для іх месца ў горадзе.

Вольга Васільева, «Белсат»