З карупцыяй ЖКГ будзе змагацца «дармаед»


«Яшчэ 10 гадоў будзем будаваць падвал. Ровары крадуць, дзе нам захоўваць закаткі»?

Таварыства ўласнікаў дому 17В па вуліцы Тышкевіча ў Бярозе яшчэ на пачатку года пастанавіла пабудаваць лёх. Але з адной агаворкаю: рабіць не праз ЖКГ. Бо праца камунальнікаў каштуе ўтрая даражэй за прыватныя паслугі. Пасля таго, як старшынём таварыства абралі грамадскага актывіста Аляксандра Кабанава, і пачалося змаганне за дом.

«Таварыства ўласнікаў мяне абрала большасцю галасоў старшынём, і нейкі час я займаўся дакументамі, але калі гэта дайшло да старшыні райвыканкаму, ён быў здзіўлены, што я стаў старшынём таварыства ўласнікаў і праз 2 тыдні я атрымаў ліст, што райвыканкам не задаволіў маю кандыдатуру», – распавёў Аляксандр.

Выканкам лабіюе інтарэсы дзяржаўных камунальнікаў

Пасля сходу жыхароў і сустрэчы з мясцовымі ўладамі прынялі кампраміснае рашэнне: ЖКГ атрымае дазвол у выканкаму на праектаванне і будаўніцтва сутарэння, а ўжо самыя жыхары абяруць падрадную арганізацыю.

Таварыства ўласнікаў падасць дакументы на афармленне дому і зямельнага выдзелу на сябе. Неабходнасць гэтага кроку тлумачыць Аляксандр Кабанаў, і тут ужо справа зусім не ў лёху.

«Запатрабаванае пытанне на сённяшні дзень – паставіць камеры відэаназірання. Але для гэтага зноўку трэба звяртацца ў ЖКГ, райвыканкам і.г.д. Мы хочам быць уласнікамі. Мы можа быць хочам тут, урэшце-рэшт, пасадзіць сад», – даводзіць старшыня таварыства ўласнікаў.

Аляксандр Кабанаў вядомы далёка за межамі Бярозы

Яшчэ ўвесну ён адным з першых пачаў збіраць подпісы супраць дэкрэту № 3 аб гэтак званым дармаедстве. Пазней ён жа быў адным з арганізатараў мітынгаў недармаедаў як у Бярозе, гэтак і ў Берасці.

Нягледзячы на адзінагалоснае падтрыманне мясцовых жыхароў, кандыдатура Кабанава на пасадзе старшыні таварыства ўласнікаў выклікала нервовую рэакцыю ў выканкаме. Пасля гэтага сходу Аляксандр Кабанаў зноўку падасць дакументы ў райвыканкам дзеля ўзгаднення на пасадзе старшыні таварыства ўласнікаў. Хоць жыхары ўжо даўно за яго прагаласавалі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»